Беларускія актывісты хаваюцца ў Расіі ад пераследу

Супрацоўнікі штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў і моладзевыя актывісты бягуць з краіны, баючыся за сваю бяспеку
Беларускія актывісты, баючыся за сваю бяспеку, пакідаюць краіну. Дакладна вядома пра ад'езд аднаго з кіраўнікоў штаба Някляева Ўладзіміра Кумца, моладзевых актывістаў Мікіты Краснова, Вячаслава Дзіянава і Паўла Маркаўца.

Уладзімір Кумец разам з лідарам арганізацыі "Рух будучыні", даверанай асобай Яраслава Раманчука Вячаславам Дзіянавым уначы на 26 снежня перайшлі беларуска-расійскую мяжу, а пасля паехалі на машыне сябра і схаваліся на тэрыторыі Расіі.

Уладзімір Кумец кажа, што з'ехаў дзеля сваёй бяспекі і бяспекі іншых. Ён падтрымлівае сувязь з сябрамі і сваякамі, якія засталіся ў Беларусі, і гатовы вярнуцца на радзіму, калі сітуацыя зменіцца.

Уладзімір Кумец: "Я доўгі час працаваў з Уладзімірам Някляевым, у яго штабе, і адказваў за арганізацыю многіх мерапрыемстваў. Мяне могуць выклікаць у якасці сведкі па крымінальнай справе, проста прымусіць неяк агаварыць Някляева... Яны зараз шукаюць сведкаў... якіх пасля могуць пасадзіць у турму, звольніць з працы, прымусіць, каб атрымаць з іх заведама непраўдзівыя паказанні".

Слухаць поўную размову з Уладзімірам Кумцом:



Сам Уладзімір быў блакаваны ў сваёй кватэры і да штаба Някляева 19 снежня не дайшоў. Але сцвярджае, што ў калоне прыхільнікаў Уладзміра Някляева былі яго калегі, якія могуць пацвердзіць, што была толькі адна машына, і яна везла радыёапаратуру.

Уладзімір Кумец таксама кажа, што ў лістападзе яго незаконна адлічылі з 5-га курса ўніверсітэта, быццам выкладчыкаў прымусілі перапісаць ведамасці з адзнакамі за мінулую сесію. Тады пачалі прыходзіць позвы ў ваенкамат, але Ўладзімір аказаўся непрыдатны да службы па стане свайго здароўя.

Моладзевых актывістаў Вячаслава Дзіянава, Мікіту Краснова і Паўла Маркаўца ўжо гвалтоўна затрымлівалі 20 снежня ў офісе няўрадавай арганізацыі "Беларда", дзверы ў якую парэзалі.

Вячаслаў Дзіянаў: "Заляцелі, скруцілі, надзелі наручнікі, павялі ва ўпраўленне міліцыі... Нам паведамілі, што ў офісе шукаюць зброю. Склалі пратаколы па артыкулах "супраціўленне супрацоўнікам міліцыі" і "ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Усё апісалі і забралі асабістыя рэчы".


Адна з акцый ініцыятывы "Грамадзянін". Уперадзе злева з плакатам - Вячаслаў Дзіянаў, правей - Мікіта Красноў

Але пасля маладых людзей неспадзявана адпусцілі, магчыма, з-за хуткага прыбыцця замежных дыпламатаў, супрацоўнікаў АБСЕ і журналістаў. Тым не менш, па словах актывістаў, ля іх кватэраў пачалі дзяжурыць невядомыя.

27 снежня ператрусы правялі ў кватэрах бацькоў Мікіты Краснова, яго бабулі, ды яго дзяўчыны. Па звестках Праваабарончага цэнтра "Вясна", у пастанове на правядзенне вобыску ў адносінах да Мікіты быў указаны статус адазраванага па справе аб масавых беспарадках. Нагадаем, большасць з 26-і падазраваных знаходзяцца ў ізалятары КДБ.

На фота: Павел Маркаўцоў, Мікіта Красноў і Вячаслаў Дзіянаў падчас адной з акцый ініцыятывы "Грамадзянін"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі