"Беларусы перайгралі нашых чыноўнікаў": чаму пратэстуюць польскія дальнабойнікі

Страйк польскіх дальнабойнікаў / radio.lublin.pl
Страйк польскіх дальнабойнікаў / radio.lublin.pl

Польскія дальнабойнікі зладзілі акцыю пратэсту на мяжы з Беларуссю, піша мясцовае выданне "Радыё Люблін". Яны кажуць, што канкурэнты з Беларусі прыдумалі такую хітрую схему абыходу санкцый, што ў пройгрышы засталіся польскія кіроўцы.

Яны захопліваюць наш рынак, — кажа ў эфіры люблінскага радыё адзін з пратэстоўцаў-польскіх дальнабойнікаў.

Блакада памежнага пераходу ў "Карошчыне" — з беларускага боку гэта "Казловічы" — працягнецца два тыдні. Гэта адзіны пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы, дзе ўсё яшчэ могуць прайсці мытню вялікагрузы.

Пратэстоўцы абавязваюцца прапускаць па адной машыне ў гадзіну, на мяжы ўжо сабраліся чэргі. Калі за гэтыя два тыдні дальнабойнікі не змогуць прыцягнуць увагу свайго ўрада, яны абяцаюць перакрыць яшчэ адзін пераход.

Мы пачыталі, што пішуць пра гэта польскія медыя.

 

Беларуская кампанія з офісам у Бяла-Падлясцы

Сотні транспартных кампаній з Беларусі і Расіі рэгіструюцца ў Польшчы, каб абыходзіць санкцыі, піша выданне Wirtualna Polska. Яшчэ ў 2022 годзе беларускім і расійскім фурам забаранілі заязджаць у ЕС — але выявілася, што вырашыць гэтую праблему не надта складана.

“Белорусы переиграли наших чиновников”: почему протестуют польские дальнобойщики
Беларуска-польская мяжа / logists.by

Журналісты апісалі, як працуюць схемы абыходу санкцый на прыкладзе жыхаркі Гродна, якая арандавала памяшканне ў Бяла-Падлясцы і пачала рэгістраваць там транспартныя кампаніі.

“Так ёй удалося абысці абмежаванні ўрада, якія тычыліся беларускіх кампаній. Аказалася, што зарэгістраваўшы кампанію ў Польшчы, можна абыйсці забарону", — пісала выданне.

Гэта не адзіны прыклад. Выданне піша, што так пачалі працаваць каля 60 беларускіх перавозчыкаў. А на іх працуюць каля 2 тысяч фур.

"Напрыклад, у Седльцах і Беластоку былі створаныя дзясяткі беларускіх і расійскіх кампаній, якія выдавалі сябе за польскія", — піша выданне Kresy са спасылкай на Wirtualna Polska.

Журналісты адзначаюць, што калі пра падзеі даведаліся ў памежнай і падатковай службах, то заявілі, што перашкаджаць беларускім перавозчыкам не будуць.

"Польскія перавозчыкі ад здзіўлення працерлі вочы", — пішуць журналісты.

Вынікам гэтага здзіўлення і стала блакаванне пагранперахода ў Карошчыне. Дальнабойнікі кажуць: санкцыі павінны былі ўдарыць па кампаніях з Беларусі, але ў выніку беларусы "перайгралі нашых чыноўнікаў".

 

Як развівалася сітуацыя на мяжы ў папярэднія месяцы

Вось як пачыналіся ўзаемныя блакаванні. Год таму, у красавіку 2022 года, набыў моц пяты пакет санкцый супраць Беларусі і Расіі. І па гэтых санкцыях любому транспарту, зарэгістраванаму ў Беларусі ці Расіі, забаранілі перавозіць грузы па тэрыторыі Еўрапейскага Саюза.

А потым свае санкцыі ўвяла і Беларусь. І дазволіла перавозчыкам з Еўропы заязджаць на сваю тэрыторыю толькі на 50 кіламетраў.

“Белорусы переиграли наших чиновников”: почему протестуют польские дальнобойщики
Санкцыі закранулі не ўсе тавары — застаўся дазвол на некаторыя, якія трэба было неяк вазіць / pixabay

Санкцыі закранулі не ўсе тавары — гэта значыць, застаўся дазвол на некаторыя, якія трэба было неяк вазіць. Як гэта адбываецца на практыцы, сваім кліентам тлумачыў юрыст фірмы "Юрвест", якая займаецца прававой падтрымкай міжнародных перавозчыкаў.

Такім чынам, перавозчык з ЕС давозіць груз з Еўропы да транспартна-лагістычнага цэнтра ў Беларусі. Гэтыя цэнтры працуюць кругласуткава. Там кіроўца выгружае тавар — або перадае ўвесь прычэп з грузам перавозчыку з краіны, на якую забарона не распаўсюджваецца. А сам з'язджае. Гэта значыць, па тэрыторыі Беларусі і Расіі груз можа везці цягач з той жа беларускай рэгістрацыяй.

І на гэты час сітуацыя склалася такая: беларускія перавозчыкі, зарэгістраваўшыся ў Польшчы, могуць вазіць тавары наўпрост у Расію. А польскія перавозчыкі не могуць праехаць далей за лагістычны цэнтр у Брэсце.

Пры гэтым беларускія і расійскія кампаніі пасля рэгістрацыі ў Польшчы могуць прапанаваць кліентам яшчэ і больш выгадныя тарыфы — таннае беларускае паліва тут грае на іх карысць.

Рынак захліснула нядобрасумленная канкурэнцыя. Мы патрабуем сумленнасці, мы патрабуем абароны польскіх прадпрыемстваў, — кажа ўладальнік транспартнай кампаніі з Бяла-Падляскі.

 

“Яны едуць проста на Маскву, а мы — толькі да Брэста”

Склалася цікавая сітуацыя: цягач з беларускай або расійскай рэгістрацыяй заехаць на тэрыторыю ЕС не можа вось ужо год, але гэта не датычыць паўпрычэпаў.

Беларускія прадпрымальнікі масава ствараюць кампаніі ў Польшчы, ездзяць з беларускімі паўпрычэпамі і возяць грузы проста ў Маскву. А мы наўпрост у Маскву не паедзем. Толькі ў Беларусь — у Брэст, і больш нікуды, — тлумачыць Люблінскаму радыё адзін з пратэстоўцаў дальнабойшчыкаў. — Мы не разумеем, чаму, увёўшы забарону для цягачоў, пакінулі дазвол для паўпрычэпаў. У іх таксама беларускія ці расійскія нумары, яны не павінны прыязджаць. Калі забаронена, дык забаронена. Яны захопліваюць наш рынак.

На сайце лагістычнай платформы Trans.ru апісваецца, што менавіта дазвол для паўпрычэпаў і з'яўляецца асноўным "прагалам", на якім выбудаваныя зараз перавозкі паміж Беларуссю, Расіяй і Еўрасаюзам.

Зрэшты, яшчэ ў студзені гэтага года Польшча адправіла ў Брусель свае прапановы па пашырэнні санкцый супраць Беларусі і Расіі. І адной з такіх прапаноў якраз і з'яўляецца забарона на перавозку тавараў па тэрыторыі ЕС беларускімі і расійскімі паўпрычэпамі.

"Калі яна ўвойдзе ў чарговы пакет санкцый, то гэта ўскладніць грузавыя перавозкі паміж ЕС і Расіяй з Беларуссю, якія якраз зараз часцяком выконваюцца метадам перачэплівання", — гаворыцца на сайце Trans.ru.

 

А што кажуць беларусы?

Беларускае Медыя "Радыё Ўнет" змагло ананімна пагаварыць з прадстаўніком адной з кансалтынгавых фірмаў, які сцвярджае, што яму вядомая сітуацыя. Паводле крыніцы выдання, беларускія перавозчыкі вельмі пакрыўджаныя становішчам, якое склалася. І што яно зусім не такое адназначнае, як пра гэта кажа польскі бок.

Будзем называць рэчы сваімі імёнамі — не польскія перавозчыкі, а 30 лакальных фірмаў [абвясцілі акцыю пратэсту. — Еўрарадыё]. 30 зацікаўленых перавозчыкаў, звязаных паміж сабой нейкімі шэрымі схемамі. І таксама там ёсць мясцовы палітык, які хоча на гэтай тэме зарабіць галасы выбаршчыкаў. Вось і ўсё. Гэта значыць абвясцілі страйк 30 чалавек, а рэальна 3,5 тысячы фур едзе штодня. Каб былі зразумелыя суадносіны сіл: напрыклад, у Бялай-Падлясцы няма ніводнай фірмы, якая б удзельнічала ў страйку. Таму гэта штучна раздзьмутая, скажам, акцыя, ніяк не звязаная з транспартам, а выключна з палітыкай.

Паводле суразмоўцы "Радыё Ўнет", галоўныя "завадатары" — з польскага горада Лукаў.

Калі беларускія экспедытарскія фірмы, лагістычныя прыватныя фірмы дазнаюцца, што галоўным завадатарам выступаюць "лукаўскія", яны кажуць: "Гэта тыя, хто больш за ўсіх ад нас атрымліваў наяўных за аказаныя паслугі". Гэта значыць, мы ім больш за ўсё плацім за давоз грузаў да тэрмінала ў Брэсце, да ТЛЦ "Брэст". Калі летам былі стаўкі па пяць тысяч еўра, чамусьці яны не ладзілі забастовак. А калі <...> праз санкцыі, праз эмбарга, праз вайну стала мала грузаў — маленькія стаўкі сталі, тады пачалі шукаць вінаватых. Пазіцыя такая: навошта нам патрабаваць ад урада і дзяржавы дапамогі нейкай, каб нам адмянілі транспартны падатак? Давайце будзем вось хайпаваць на гэтай тэме і тут дамагацца няясна чаго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі