"Белшына", з якой знялі санкцыі ЕС, пастаўляе прадукцыю Мінабароны РФ — БРЦ

"Белшына"

"Белшына"

Бабруйская "Белшына", з якой у сакавіку знялі санкцыі ЕС, пастаўляе прадукцыю для расійскай абароннай сферы. Пра гэта сцвярджае ў сваёй публікацыі Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ). Журналісты-расследвальнікі вывучылі сітуацыю з дапамогай "Кіберпартызанаў" і ініцыятывы "Рабочы Рух".

Адным з пакупнікоў прадукцыі "Белшыны" з'яўляецца Міністэрства абароны Расіі, выявілі ў БРЦ. Беларуская кампанія пастаўляла шыны для расійскай вайсковай тэхнікі ў тым ліку праз свайго дыстрыбутара ТАА "Белнафтахім-Рос", чыім канчатковым бенефіцыярам з'яўляецца беларуская дзяржава. Фармальна, гэта расійская кампанія, але яна заснаваная "Беларускім нафтавым гандлёвым домам", а ён — канцэрнам "Белнафтахім".

Ад 2022 да 2023 года "Белнафтахім-Рос" і Мінабароны РФ падпісалі некалькі кантрактаў на суму больш за 1,5 млрд расійскіх рублёў (каля 19,5 млн долараў). Толькі за першае паўгоддзе 2023-га пастаўкі "Белнафтахім-Роса" на адрас Мінабароны РФ склалі больш за 11 млн долараў.

За 2023 год у "Белшыны" гэты дылер закупіў больш за 2 мільёны шын на суму 90 млн долараў. Выручка "Белнафтахім-Рос" за мінулы год склала амаль 29 млрд расійскіх рублёў (больш за 321 млн долараў), а чысты прыбытак — 284 млн расійскіх рублёў (каля 3,2 млн долараў).

Па мытных накладных супрацоўнікі БРЦ высветлілі, што пастаўкі "Белшыны" ў Расію ў 2023 годзе заставаліся на ўзроўні 2022-га. У 2022 годзе кампанія паставіла ў РФ 2,8 млн шын, а летась — 2,4 млн.

Пры гэтым "Ніжагародскі гандлёвы дом "Белшына" пастаўляў прадукцыю такім прадпрыемствам, як БАЗ, КамАЗ, Сарапульскі электрагенератарны завод і "Спецыяльнае канструктарскае бюро Мінабароны РФ", якое знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза. Усе гэтыя кампаніі выпускаюць вайсковую тэхніку. Ускосна гэта сведчыць пра тое, што прадукцыя "Белшыны" можа выкарыстоўвацца ў расійскай ваеннай прамысловасці.

Яшчэ адно ўскоснае пацвярджэнне таго, што прадукцыя "Белшыны" выкарыстоўваецца на расійскай вайсковай тэхніцы, БРЦ выявіў на ваенна-тэхнічным форуме "Армія-2023", які праходзіў у Падмаскоўі. Там былі выстаўленыя ўзоры ваеннай тэхнікі, абсталяваныя шынамі "Белшыны". Як мінімум некаторая падобная тэхніка выкарыстоўваецца цяпер расіянамі на вайне ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі