"Белшына" працягвае знаходзіцца пад сектаральнымі санкцыямі ЕС — Латушка
На "Белшыне" два гады чакалі рашэння суда ЕС
У Народным антыкрызісным упраўленні пракаментавалі рашэнне Суда ЕС, які адмяніў санкцыі, уведзеныя супраць бабруйскай "Белшыны" ў снежні 2021-га. Там падкрэсліваюць, што санкцыі знялі з шыльды прадпрыемства, але не знялі з яго прадукцыі.
"Зняцце блакавальных санкцый ЕС з гэтай юрыдычнай асобы кардынальна не мяняе агульны санкцыйны механізм у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, — кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка. — Сама прадукцыя ААТ "Белшына", гэта значыць гумовыя шыны (код ТН ВЭД 4011), нягледзячы на зняцце санкцый з самога прадпрыемства, працягвае знаходзіцца пад сектаральнымі санкцыямі ЕС". Працягваюць дзейнічаць супраць прадпрыемства і санкцыі, уведзеныя Злучанымі Штатамі, Японіяй, Швейцарыяй і Украінай.
Як вядома, Суд ЕС вырашыў, што Савет Еўрасаюза "дапусціў памылку" пры ацэнцы падтрымкі "Белшынай" рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і ўдзеле ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, Савет ЕС не змог даказаць, што прычынай звальнення супрацоўнікаў прадпрыемства былі палітычныя матывы. У НАУ адзачаюць, што "само рашэнне суда не адмаўляе фактаў рэпрэсій". Проста адказчык не змог прадаставіць доказы, якія б пацвердзілі змест публікацый у СМІ аб звальненні супрацоўнікаў ААТ "Белшына" і абверглі змешчаную ў актах звальнення інфармацыю, прадастаўленую кіраўніцтвам прадпрыемства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.