Прысуд журналістцы Вользе Радзівонавай вынеслі за публікацыі ў нямецкай прэсе
Вольга Радзівонава
Сталі вядомыя падрабязнасці справы журналісткі Вольгі Радзівонавай, асуджанай на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.
Як паведамляе Генпракуратура, Вольгу асудзілі за артыкулы ў нямецкай газеце Die Tageszeitung, дзе яна апісвала сітуацыю ў Беларусі. Паводле версіі абвінавачвання, у артыкулах былі "выказванні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці і варожасці, дыскрэдытацыю рэспублікі, а таксама паклёп і абразы ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы".
Журналістку абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса — паклёп і абраза Лукашэнкі, дыскрэдытацыя Беларусі і распальванне сацыяльнай варожасці.
Ёй прысудзілі штраф у 4000 рублёў і спагналі даход, атрыманы ад публікацый.
Праваабаронцы прызналі Вольгу Радзівонаву палітзняволенай.
Як паведамлялася раней, затрымалі журналістку ў сакавіку 2024 года. Да 2020-га Радзівонава працавала ў KYKY.org, а таксама супрацоўнічала як фрылансерка з беларускімі і замежнымі медыя.
На волі ў Вольгі засталася хворая маці, якой патрэбы пастаянны догляд — жанчыне ўжо больш за 80 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.