Без намёкаў. Як еўрапейскі дыктатар хацеў кіраваць вечна

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
 

 
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава    

Ён усталяваў самы працяглы дыктатарскі рэжым у Еўропе. А апошнія гады правёў у поўным няведанні таго, што робіцца і ў краіне, і свеце.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” успамінае “мяккую” дыктатуру Антоніу Салазара ў Партугаліі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

“Народ” папрасіў

У 1910 годзе ў Партугаліі зрынулі караля, а краіну абвясцілі дэмакратычнай рэспублікай. Аднак гэта спарадзіла яшчэ большы палітычны крызіс. За наступныя 16 гадоў у краіне адбылося 17 спроб дзяржаўнага перавароту, 158 усеагульных забастовак, 24 паўстанні, змянілася 8 прэзідэнтаў, тры дыктатары і 44 урады.

Без намёкаў. Як еўрапейскі дыктатар хацеў кіраваць вечна

У 1926 годзе пасля чарговага перавароту ўладу ў краіне захапілі вайскоўцы. Ведаў пра тое, як перамагчы эканамічны крызіс, у іх не было. Таму яны запрасілі на пасаду міністра фінансаў Антоніу ды Алівейру Салазара —  прафесара-эканаміста, вядомага сваімі кансерватыўна-манархічнымі поглядамі.

Салазар нарадзіўся ў сям'і дробных землеўладальнікаў і набожных каталікоў. Першапачаткова ён вучыўся ў духоўнай семінарыі і рыхтаваўся стаць святаром. Але потым перадумаў і паступіў на юрыдычны факультэт найстарэйшага партугальскага ўніверсітэта ў горадзе Каімбра, дзе пазней працаваў выкладчыкам.

У 1928 годзе ён пагадзіўся на прапанову пасля таго, як атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы па кантролі дзяржсродкаў. На пасадзе Салазар рэзка скараціў бюджэтныя выдаткі і хутка дамогся фінансавай стабільнасці.

Рэферэндум, папраўкі ў Канстытуцыю, неабмежаваная ўлада

У 1932 годзе Салазар стаў прэм'ер-міністрам, а ў наступным годзе правёў рэферэндум і ўзаконіў новую канстытуцыю. Цяпер прэм'ер атрымліваў амаль неабмежаваную ўладу, а прэзідэнт і парламент выконвалі дэкаратыўныя функцыі.

Згодна з новай Канстытуцыяй прэзідэнтамі станавіліся толькі вайсковыя генералы. Яны з задавальненнем выступалі на дзяржаўных імпрэзах і цырымоніях замест Салазара, але рэальнай улады ў іх не было. Так у Партугаліі зацвердзіўся рэжым "Новай дзяржавы".

Без намёкаў. Як еўрапейскі дыктатар хацеў кіраваць вечна

Салазар, у адрозненне ад большасці дыктатараў ХХ стагоддзя, не быў ні вайскоўцам, ні прадстаўніком спецслужбаў, ні рэвалюцыянерам, ні лідарам масавага руху. Пасля прыходу да ўлады ў яго не з'явілася тытулу правадыра, яму не ставілі помнікі, у яго гонар не называлі вуліцы. Ён жыў патаемна і рэдка паказваўся на публіцы.

Адной з апор рэжыму была таемная паліцыя PIDE. Хоць у краіне фармальна не існавала смяротнага пакарання, яны распраўляліся з непажаданымі без суда і следства. Турма “Тарафал” на выспах Кабу-Вэрдэ ператварылася ў своеасаблівы лагер смерці, дзе зняволеныя паміралі ад хвароб і катаванняў. Паводле прыблізных падлікаў, за сорак гадоў дыктатуры ахвярамі палітычных рэпрэсій стала каля 30 тысяч чалавек. Гэта нашмат менш, чым за правымі рэжымамі ў Іспаніі, Германіі і Італіі, таму кіраванне Салазара часам называюць "мяккай дыктатурай".

Хата з краю 

Салазар захаваў нейтралітэт Партугаліі падчас Другой сусветнай вайны. Ён паспяхова гандляваў з абодвума бакамі канфлікту стратэгічным металам, неабходным для ваеннай прамысловасці. У выніку з 1938-га да 1946-га залаты запас Партугаліі вырас прыкладна ў сем разоў.

За ўвесь час кіравання Салазара партугальскія войскі толькі аднойчы ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Еўропе: у грамадзянскай вайне ў Іспаніі на баку Франсіска Франка.

Аднак краіна вяла маштабныя каланіяльныя войны. Пасля Другой сусветнай Партугалія засталася фактычна адзінай каланіяльнай імперыяй. Да 1945 года яна кантралявала сучасныя Анголу, Усходні Тымор, Гвінею-Бісаў, Кабу-Вэрдэ, Мазамбік, Сан-Томе і Прынсіпі, а таксама індыйскія Гоа і Даміян разам з кітайскім Макаа.

Без намёкаў. Як еўрапейскі дыктатар хацеў кіраваць вечна

У пачатку 1960-х у калоніях пачалі ўспыхваць паўстанні, на іх падаўленне адправілі каля 200 тысяч партугальскіх салдат. Цяпер на ўтрыманне арміі выдаткоўвалася прыкладна 40% бюджэту. У той час рэзка скарацілася фінансаванне сацыяльных сфер, у першую чаргу медыцыны і адукацыі. У тым дзесяцігоддзі партугальцы пачалі масава з'яжджаць з краіны, каб выратаваць сябе ад беднасці і прызыву ў армію.

Любімую не аддаюць 

У 1968 годзе ў Салазара здарыўся інсульт: ён упаў з крэсла і моцна стукнуўся галавой. Дактары змаглі выратаваць яму жыццё, але кіраваць краінай ён ужо не мог. Таму паплечнікі цішком адхілілі Салазара ад улады, аднак сам дыктатар так і не даведаўся пра гэта. У бальнічнай палаце збіраліся міністры, якія дакладвалі Салазару пра "становішча спраў у краіне і ў свеце". Яму прыносілі на подпіс дакументы, спецыяльна для яго нават выпускалі ў адным экзэмпляры газету, у якой друкаваліся толькі "правільныя" навіны. 

Без намёкаў. Як еўрапейскі дыктатар хацеў кіраваць вечна

27 ліпеня 1970 года дыктатар памёр у сваім працоўным кабінеце ва ўзросце 81 года.

Рэжым “калектыўнага Салазара” доўга без свайго лідара не праіснаваў. Ужо праз 4 гады пасля яго смерці адбылася Рэвалюцыя гваздзікоў. У краіне скончыўся пераслед іншадумцаў, адрадзілася грамадскае жыццё і ўсталявалася дэмакратыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі