Большасць беларусаў хочуць рэформ: не задавальняюць чыноўнікі і высокія падаткі
Беларусы хочуць лепшага жыцця незалежна ад поглядаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
59% беларускіх гараджан хочуць рэформ. Некаторыя не вызначыліся. І толькі 15% гарадскіх беларусаў не падтрымліваюць рэформы.
Людзі незадаволеныя чыноўнікамі, маленькімі пенсіямі і высокімі падаткамі. Такія вынікі апытання Chatham House. Даследчыкі даведаліся, як беларусы ставяцца да зменаў і замежнай палітыкі ў залежнасці ад таго, якія СМІ яны чытаюць.
Расійскае тэлебачанне апанавала беларусаў
Даследчыкі падзялілі аўдыторыю на сегменты. Выйшла, што гарадскія беларусы часцей за ўсё глядзяць дзяржаўныя і расійскія СМІ — 35% апытаных. Аўдыторыя недзяржаўных СМІ складае 20%. Яшчэ 26% беларусаў шукаюць навіны і ў тых, і ў другіх медыя. Астатнія заявілі, што не выкарыстоўваюць абодва тыпы крыніц.
У топе па частаце праглядаў апынуліся расійскія тэлеканалы "Расія", "Першы канал", "НТВ". Некалькі разоў на дзень або штодня іх глядзяць 34% рэспандэнтаў. А давяраюць альбо хутчэй давяраюць ім 40%.
Беларускае тэлебачанне таксама часта глядзяць 32%. Давяраюць яму таксама 40%.
Штодня адкрываюць "Зеркало", "Нашу Ніву", Еўрарадыё, "Радыё Свабоду" і "Белсат" 19%. Пра давер да гэтых СМІ заявілі 27% апытаных.
— Аўдыторыі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ не давяраюць крыніцам з альтэрнатыўным пунктам гледжання. Прычым такі недавер больш характэрны для аўдыторыі незалежных СМІ, — піша Chatham House.
Рэформаў хочуць амаль усе
Пры вялікіх адрозненнях у медыяспажыванні, 59% беларусаў сыходзяцца ў тым, што краіне патрэбныя рэформы. Яшчэ 26% не могуць даць яснага адказу. І толькі 15% супраць. Пра неабходнасць паступовых рэформаў ва ўсіх сферах сказалі 56%, а 12% апытаных — за хуткія і маштабныя змены.
— Падтрымліваюць паступовыя змены, якія як павялічваюць, так і зніжаюць ролю дзяржавы ў залежнасці ад сферы.
Да рэформаў ставяцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, якія навіны людзі чытаюць. Напрыклад, з аўдыторыі дзяржСМІ 23% лічаць, што рэформы не патрэбныя ці хутчэй не патрэбныя. Гэтая група часта зусім не можа адказаць на пытанне аб неабходнасці рэформаў. Не змаглі даць яснага адказу 36%. Сярод аўдыторыі недзяржаўных СМІ тых, хто не вызначыўся, толькі 5%. А супраць рэформаў настроеныя 3%.
Не падабаюцца чыноўнікі і высокія падаткі
— У цэлым беларусы незадаволеныя эканамічнай сітуацыяй і якасцю дзяржкіравання, — падкрэсліваюць даследчыкі.
Часта гарадскія беларусы кажуць, што ў краіне занадта шмат чыноўнікаў. Так адказалі 65% рэспандэнтаў. Прычым тое, што чыноўнікі некампетэнтныя, лічаць 45% апытаных. Яшчэ 22% не ведаюць, што сказаць пра колькасць чыноўнікаў, а ацаніць іх прафесійныя якасці не могуць 33%.
Пра занадта вялікія падаткі кажуць 56% аўдыторыі. Затое 54% задаволеныя дарогамі.
Усе бюджэтныя грошы засяроджваюцца ў Мінску, а на развіццё рэгіёнаў застаецца мала, скардзяцца 52%. Вёска ў Беларусі памерла, адзначаюць 50% апытаных.
— Аўдыторыя недзяржаўных медыя часцей за астатніх крытыкуе дзейную сістэму кіравання і эканамічную сітуацыю ў краіне, аднак доля крытыкаў высокая нават сярод лаяльнай да ўлады аўдыторыі, — працягвае Chatham House.
На пенсію цяжка жыць з годнасцю
Чытачы недзяржаўных СМІ часцей крытыкуюць сацыяльную палітыку, але ёсць і згода аўдыторый па некаторых пытаннях. Напрыклад, 74% апытаных кажуць, што на беларускую пенсію цяжка пражыць. Самая мала падтрымліваюць гэты варыянту адказу ў групе, якая не чытае ні "госаў", ні незалежныя СМІ — 61%.
— Больш за палову беларусаў адзначаюць праблемы з пенсіямі і камунальнымі паслугамі, у той час як па пытаннях адукацыі, аховы здароўя, спорту і дапамогі ўразлівым групам адзінага меркавання няма.
Таксама даследчыкі пацікавіліся, ці павінныя беларусы быць удзячнымі дзяржаве, калі атрымліваюць добры заробак. 25% кажуць, што павінныя. А 54% не пагаджаюцца з гэтым.
Апытаныя адчуваюць, што ў Беларусі стала пуставата і небяспечна. 52% згодныя са сцвярджэннем, што шмат таленавітых людзей з'ехалі з краіны пасля выбараў. Яшчэ 50% не адчуваюць сябе абароненымі ад самадурства ўладаў. У асноўным такія адсоткі атрымаліся за кошт аўдыторыі недзяржаўных СМІ. Тым не менш, гэта кажа пра разрыў паміж дзяржавай і людзьмі, падкрэслівае Chatham House.
Беларусы ўсё яшчэ за нейтралітэт
За аднолькава добрыя стасункі з Расіяй і Захадам 66% апытаных. Яшчэ 21% не вызначыліся, і толькі 12% падтрымліваюць толькі адзін вектар.
38% лічаць, што Беларусь не выжыве без расійскай дапамогі. У 33% меркаванне супрацьлеглае. Іншыя не ведаюць, як адказаць.
Упэўненыя ці схільныя думаць, што Захад чамусьці хоча каланізаваць Беларусь, 36%. Нязгодныя з гэтым 32% рэспандэнтаў.
— Аўдыторыі ўсіх медыя падтрымліваюць нейтральную ўстаноўку амаль у роўнай ступені. Але калі нельга выбраць нейтральнасць, аўдыторыя дзяржСМІ часцей адзначае негатыўнае стаўленне да Захаду і пазітыўнае да Расіі, а аўдыторыя недзяржаўных СМІ — наадварот, — падсумоўвае Chatham House.
***
Апытаныя 813 рэспандэнтаў з 24 студзеня па 3 лютага 2023 года. Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па поле, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі. Апытанне было праведзенае з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI), гэта значыць выбарка абмежаваная карыстальнікамі Інтэрнэту. Пры гэтым 87% жыхароў Беларусі выкарыстоўваюць Інтэрнэт. Статыстычная хібнасць выбаркі не перавышае 3,4%, адзначае Chatham House.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.