Brutto выступяць у Лондане з Дэвідам Гілмарам і "Бумбоксам"
18 кастрычніка ў лонданскай канцэртнай зале Коко пройдзе маштабны канцэрт пад назвай "Staging a Revolution: I’m with the Banned" ("Пастаноўка рэвалюцыі: Я з забароненымі"). На ім выступяць музыкі, якія трапляюць пад забарону ў Беларусі і Расіі: гурты Brutto, Pussi Riot, "Бумбокс", Дыяна Арбеніна. Падтрымаць калег выйдзе гітарыст Pink Floyd Дэвід Гілмар, таксама музыкі Ніл Тэнант з Pet Shop Boys, Джульет Стывенсан і іншыя.
Канцэрт адбудзецца ў межах 10-годдзя беларускага "Свабоднага тэатра", які ў кастрычніку зладзіць у Лондане двухтыднёвы фэст, прысвечаны барацьбе за палітычную і творчую свабоду.
Сумесны выступ брытанскіх, беларускіх, украінскіх і расійскіх музыкаў можна будзе паглядзець у жывым эфіры на сайце moc.media. Ён пачнецца ў 21.00 па беларускім часе.