Будзем сябраваць з д’яблам, каб зрынуць ворага? Што адбываецца ў Сірыі
Прэзідэнт Сірыі Башар Асад
— Любое параўнанне таго, што сёння адбываецца на Блізкім Усходзе, з сітуацыяй ў Беларусі ці Украіне — гэта тупік, — кажа Еўрарадыё паліталагіня, дацэнтка і кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава. — Бо тое, што мы назіраем у Сірыі, цягнецца яшчэ з Арабскай вясны 2011 года [наступствамі якой стала грамадзянскай вайна. — Еўрарадыё]. Тут варта адштурхоўвацца ад таго, што гэты рэгіён — зусім іншы, там зусім іншыя палітычныя групы і сілы. Там гвалт — галоўны інструмент барацьбы.
Экспертка звяртае ўвагу на тое, што Сірыя — гэта прыклад вельмі складанага канфлікту, а таксама той выпадак, які дапамагае зразумець, што не заўсёды пасля зрынання дыктатара ці рэвалюцыі прыходзіць дэмакратыя. Хоць і, безумоўна, хочацца паглядзець на тое, як недзе ў свеце зрынаюць дыктатара.
Нагадаем, што першага снежня сірыйскія паўстанцы захапілі значную частку горада Алепа — найбуйнейшага ў Сірыі. Як апісала гэтую падзею выданне The Washington Post, цяпер паўстанцы "ствараюць найсур’ёзнейшую пагрозу прэзідэнту Башару Асаду за многія гады на фоне грамадзянскай вайны ў Сірыі".
Вядома, што войскі прэзідэнта Башара Асада, а таксама сілы, якія яго падтрымліваюць — Расія і Іран — адступілі з некаторых раёнаў краіны.
Заўзеючы за ворагаў ворага, трэба думаць пра наступствы
Калі на Башара Асада пачаўся ціск, у сацсетках з’явіліся радасныя каментары: некаторыя лічаць, што Крэмль будзе вымушаны адцягнуць сілы з Украіны. Але ці сапраўды гэта магчымае? І якія наступствы можа мець падтрымка ворагаў свайго ворага?
Роза Турарбекава папярэджвае: пакідаючы такія каментары, людзі пішуць выключна пра сябе, а не пра Сірыю, Украіну ці Расію. Экспертка раіць глыбей аналізаваць сітуацыю і ўяўляць, якімі могуць быць наступствы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.