Былы футбаліст зборнай Беларусі зноў трапляў у рэанімацыю

Антон Сарока / t.me/abffby/
Былы футбаліст зборнай Беларусі Антон Сарока зноў трапляў у рэанімацыю. У вялікі спорт, як гулец, ён ужо не вернецца — перашкаджаюць праблемы са здароўем, піша "Трыбуна".
Ураджэнцу Мінска 32 гады. Сарока найбольш матчаў правёў за "Гарадзею" (2013-2016), мінскае "Дынама" (2017-2018), БАТЭ (2019-2021), бельгійскі “Лакерэн” (2018-2019). Апошнім клубам быў "Астравец" (2022-2023). У складзе беларускай нацыянальнай зборнай правёў 15 гульняў, забіў 7 галоў.
Траўмы пераследавалі Антона Сароку пасля пераходу ў БАТЭ. У жніўні 2020-га за ўдзел у пратэстах ён быў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту (яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў "несанкцыянаванай акцыі").
Вясной мінулага года экс-форвард трапіў у рэанімацыю праз панкрэатыт і з уласнай згоды быў уведзены ў медыкаментозную кому (так было прасцей выдаляць вадкасць, што запоўніла лёгкія). Праз некалькі тыдняў яго выпісалі. Антон Сарока ўзяўся за здароўе, трымаўся дыеты, хадзіў у басейн і сілоўню. Нават спадзяваўся вярнуцца ў футбол, але гэтаму замінала старая траўма калена. Аднак пасля стаў ужываць алкаголь. У пачатку восені 2024-га трапіў у рэанімацыю ў цяжкім стане. Лекары выратавалі жыццё былому футбалісту. Месяц Сарока правёў у лякарні. Сябры і калегі сабралі грошы на рэабілітацыю.
Цяпер Антон Сарока вярнуўся да здаровага ладу жыцця і засяроджваецца на сваёй сям'і. Пры гэтым "нікуды асабліва не ходзіць і ні з кім не сустракаецца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.