“Быў выпадак, мужчына патануў у прудзе на глыбіні 1,5 метра”
Сталічныя выратавальнікі на вадзе тлумачаць, з-за чаго тонуць менавіта п’яныя людзі
З 3 жніўня ў Мінску патанулі тры чалавекі. Два з іх — падчас купання. Адзін заблытаўся ў рыбалоўных сетках.
“За гэты ж перыяд было выратавана пяць чалавек, у тым ліку адно дзіця. 222 чалавекі былі папярэджаны наконт парушэнняў на вадзе”, — паведамляе Еўрарадыё вядучы спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі таварыства выратавання на водах Алег Перасятнік.
Асноўная прычына гібелі — злоўжыванне алкаголем. Людзі губляюць кантроль і не разлічваюць свае магчымасці, канстатуе спецыяліст.
“У мінулым годзе на Дзень дэсантніка па п’янцы патанулі два чалавекі. У гэтым годзе святкаванне абышлося без эксцэсаў. Быў выпадак у Лябяжым, мужчына патануў у сажалцы на глыбіні 1,5 метра. Быў нецвярозы да непрытомнасці. Яго сабутэльнікі не ведалі нават, калі ён зайшоў у ваду і ў якім месцы. Дзікія выпадкі здараюцца. Часам ратуем людзей, а яны потым біцца лезуць”, — адзначае Алег Перасятнік.
Фота: trassae95.com