Бюджэт хакейнага мінскага "Дынама" скарацілі на некалькі мільёнаў долараў
Бюджэт хакейнага мінскага "Дынама" сёлета скарацілі ў паўтары разы ў параўнанні з мінулым сезонам. Пра гэта 8 ліпеня на прэс-канферэнцыі паведаміў гендырэктар клуба Дзмітрый Баскаў. У красавіку Аляксандр Лукашэнка гаварыў, што на каманду штогод "выкідалі" 15 мільёнаў долараў. Калі гэта рэальная лічба, то бюджэт "Дынама" цяпер складае каля 10 мільёнаў долараў.
Па словах Баскава, заробкавы фонд клуба скарочаны ўдвая. "Таму цяпер пры падборы легіянераў галоўнае працаваць па аптымальнай формуле "цана-якасць", — цытуе словы гендырэктара "Прессбол".
У будучым сезоне легіянерская формула будзе "4+1", аднак яна можа змяніцца.
"Аляксандр Лукашэнка ўважліва сочыць за ўсімі зменамі перад стартам у новым сезоне", — сказаў Дзмітрый Баскаў.