Цапкала хоча свае выбары з анлайн-галасаваннем. Як яно будзе выглядаць

Voatz / biometricupdate.com
Voatz / biometricupdate.com

Палітык Валерый Цапкала ўжо некалькі тыдняў гаворыць пра неабходнасць стварэння "Нацыянальнай Рады": выбарнага органа з 45 чалавек, які, па яго задуме, прадстаўляў бы беларускае грамадства. Звяртацца да стваральнікаў платформы "Голас", якая арганізавала паралельны падлік галасоў на выбарах 2020-га і потым выкарыстоўвалася некалькі разоў для мабілізацыі людзей, Цапкала не стаў. Замест гэтага, як сказаў палітык на эканамічным форуме ў Карпачы, ён звярнуўся да венесуэльскага палітыка Хуана Гуайдо і плануе выкарыстаць для галасавання тую ж праграму, што і апошні.

Еўрарадыё паглядзела, што за метад галасавання выкарыстаў Гуайдо.
 

Кансультацыі па пашпартах

"Кансультацыі" Гуайдо ініцыяваў у канцы 2020-га — у адказ на парламенцкія выбары ў Венесуэле, якія ён назваў неправамоцнымі. Венесуэльцам прапаноўвалі адказаць на тры пытанні, сутнасць якіх зводзіцца да асуджэння рэжыму Нікаласа Мадуры і неабходнасці далейшай барацьбы за дэмакратыю.

Галасаваць усе маглі трыма спосабамі. На адмысловым сайце або праз тэлеграм-бот — гэтыя метады ўжо пройдзены беларусамі ў 2020-м. Трэці спосаб: пры дапамозе праграмы Voatz, якую, мяркуючы па ўсім, і плануе выкарыстаць Цапкала.

Галоўнае адрозненне Voatz ад "Голасу": там збіраюцца асабістыя звесткі карыстальнікаў. Каб прагаласаваць, неабходна было загрузіць фатаграфію пасведчання асобы, прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння і нумар тэлефона.

Цепкало хочет свои выборы с онлайн-голосованием. Как оно будет устроено
Скрыншот з інструкцыі для карыстальнікаў з Венесуэлы / Voatz

Ініцыятары "кансультацый" падкрэслівалі, што ўсе звесткі захоўваюцца на серверах за межамі Венесуэлы, а пасля падвядзення вынікаў нібыта былі выдаленыя.
 

Гэта бяспечна?

Скандалаў, звязаных з уцечкай звестак з Voatz, не было. Пры гэтым выкарыстоўвалася яна не толькі ў Венесуэле (апазіцыя заяўляла, што ў "кансультацыях" удзельнічала каля траціны выбаршчыкаў), але і ў ЗША.

Так, у 2020-м праграму выкарыстоўвалі на выбарах прэзідэнта ў штатах Юта, Каларада і Заходняя Віргінія. Раней, у 2018-м і 2019-м, тэхналогію для муніцыпальных выбараў выкарыстаў горад Дэнвер.

Аднак маштабы Voats не такія вялікія: сама праграма паведамляла, што ў 2020-м абслужыла каля 2 мільёнаў выбаршчыкаў у розных кампаніях па ўсім свеце. Выкарыстоўвалася яна таксама на Філіпінах.

Тэхналогія належыць прыватнай кампаніі, таму выкарыстоўваць праграму можна платна. Атрымліваць для гэтага ўхваленне Гуайдо не абавязкова.

Што да бяспекі, то, нягледзячы на адсутнасць звестак пра ўцечкі, яна пад пытаннем. Эксперты MIT, вядучай у свеце тэхналагічнай ВНУ, прааналізавалі Voats і выявілі ў ёй шэраг уразлівасцяў, праз якія могуць быць скрадзены асабістыя звесткі, а вынікамі можна маніпуляваць. Хоць кампанія і заяўляла, што прайшла незалежны аўдыт бяспекі, пра яго вынікі нічога не вядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі