Вырашаць рэальныя праблемы і сабраць на войска: нашто патрэбна лічбавая Беларусь
Беларусы зладзяць сабе лічбавую краіну з дэмакратыяй і ўзаемадапамогай / pexels.com
Жыццё беларусаў становіцца ўсё складанейшым, таму дэмсілы думаюць пра тое, як аблегчыць яго з дапамогай лічбавай Беларусі. Такая Беларусь павінна дапамагчы не толькі ладзіць галасаванні, але і вырашаць рэальныя штодзённыя праблемы беларусаў, лічыць інжынер, стваральнік платформы "Голас", пляцоўкі "еЗдароўе" Павел Лібер.
Пакуль тут шмат пытанняў: што рэальна зрабіць у рамках лічбавай Беларусі, як гарантаваць бяспеку карыстальнікаў і давер да сістэмы, хто заплаціць за "банкет"? Пра гэта эксперты пагаварылі на канферэнцыі "Новая Беларусь".
"У першую чаргу людзі, а не ўрад і пашпарты"
Магчыма, "лічбавая Беларусь" будзе ўключаць у сябе ўрад, але гэта не асноўнае.
— Калі ўжо мы гаворым пра любую лічбавую прастору, якая прэтэндуе на званне краіны, то краіна гэта ж у першую чаргу людзі. Гэта не ўрад, не пашпарты. Гэта ўсё потым, — кажа Павел Лібер. — Рэжым звёў сацыяльны кантракт з грамадствам да ўзроўню, калі "мы вас задушылі настолькі, што вы ў сваёй пірамідзе Маслоу апусціліся да ўзроўню выжывання". Чалавек выбірае: памерці ад голаду, пайшоўшы супраць рэжыму, памерці ў турме ці што? "Ці што" сёння адсутнічае. Таму, калі мы гаворым пра любую лічбавую прастору, мы ў першую чаргу павінны думаць пра тое, якую карысць яна можа прыносіць людзям.
Прыклады лічбавых ініцыятыў, якія рэальна дапамагаюць беларусам, ёсць. Гэта не толькі "Голас" і "Зубр".
Калі добры праект лічбавай дзяржавы з'явіцца, як зрабіць, каб беларусы не баяліся пакідаць там свае звесткі? На жаль, адказу, як схаваць сваю рэгістрацыю ў лічбавай Беларусі, калі ў вас забралі тэлефон сілавікі, пакуль не было. А вось забяспечыць захаванасць звестак можна, запэўніваюць IT-спецыялісты і прадстаўніца "Кібер-Партызанаў" Юліяна Шаметавец. Прынамсі, "Кібер-Партызаны" гатовыя пратэсціраваць, ці магчыма ўзламаць новую дзяржаву беларусаў.
Нічога новага ў гэтым няма, адзначае Павел Лібер. Напрыклад, у банкаў ёсць добрыя сістэмы ідэнтыфікацыі людзей і захоўвання іх звестак. Аднак, хутчэй за ўсё, за ID давядзецца заплаціць.
— Складанасць гатовага рашэння [як у банках. — Еўрарадыё] ў тым, што гэтыя сэрвісы платныя. Кожнаму чалавеку давядзецца заплаціць, альбо камусьці давядзецца заплаціць за яго, але гэта досыць вялікія сумы грошай. Распрацаваць сваё рашэнне — гэта доўга і трэба ліцэнзаваць, каб яму давяралі ў ЕС. Калі мы бяром нешта гатовае, мы атрымліваем яшчэ і давер, таму што ёсць ліцэнзія.
Рана ці позна давядзецца таксама думаць пра нешта накшталт сістэмы падаткаў, бо рэальна рабочыя сэрвісы не заўсёды змогуць дапамагаць бясплатна. На думку прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча, з часам трэба да гэтага падысці, бо праблемы беларусаў за іх ніхто не вырашыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.