Чаму ў Беларусі нельга зрабіць кесарава па жаданні? Яно ўвогуле бяспечнае?
Медыкі падчас аперацыі
— У Беларусі праводзіць кесарава сячэнне на жаданні пацыенткі забаронена, — тлумачыць Еўрарадыё доктар-гінеколаг Станіслаў Салавей. — У нас кесарава сячэнне прызначаюць толькі па абсалютных або адносных паказаннях, калі ўзважваюцца карысць і рызыка.
Адкуль узялося такое правіла і ці можна (і ці трэба) нешта ў ім мяняць?
Над гэтым пытаннем мы задумаліся пасля скаргаў парадзіхі з Салігорска, чыё дзіця трапіла ў рэанімацыю пасля нараджэння, і жанчыны з Мінска, чыё дзіця памерла пасля родаў ад асфіксіі. У першым выпадку маці скардзілася на тое, што, нягледзячы на яе просьбы, дактары правялі кесарава сячэнне ў апошні момант, а ў другім — дактары не сталі рабіць аперацыю, бо паказанняў да яе ў пацыенткі не было.
У сеціве агучваюць тэорыі, што, маўляў, дактары выконваюць нейкі вар'яцкі план Міністэрства аховы здароўя і не праводзяць кесарава дзеля статыстыкі. Станіслаў Салавей перакананы, што такога плана ў Беларусі няма. Больш за тое, самім дактарам прасцей зрабіць кесарава сячэнне, чым рэагаваць на раптоўныя ўскладненні.
У чым жа тады рэч і чаму кесарава не робяць у Беларусі на жаданне?
Калі можна не апераваць, лепш гэтага не рабіць
Ужо шмат гадоў эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) настойліва рэкамендуюць жанчынам нараджаць без хірургічнага ўмяшання, калі для гэтага няма ніякіх медыцынскіх паказанняў.
Спецыялісты папярэджваюць: хоць кесарава сячэнне можа ратаваць жыцці людзей, яно нярэдка выконваецца пры адсутнасці медыцынскіх паказанняў (у многіх краінах — на жаданне жанчын), што падвяргае маці і іх дзяцей рызыцы развіцця праблем са здароўем у каротка- або доўгатэрміновай перспектыве.
— Дактары не аперуюць усіх запар, бо разумеюць цану гэтай працэдуры, — тлумачыць Станіслаў Салавей. — Кесарава сячэнне — гэта аперацыя. Як чалавек, які займаецца хірургіяй, я лічу, што найлепшая аперацыя — гэта тая, якая не зробленая або зробленая толькі па паказаннях. Калі з абсалютнымі паказаннямі ўсё зразумела, з адноснымі — не заўсёды. Не так проста злавіць той момант, калі кесарава ўсё ж неабходнае.
Паводле інфармацыі СААЗ, жанчыны, якім робяць кесарава сячэнне, маюць вышэйшую рызыку крывацёку. Таксама не варта забываць пра шрамы, якія застаюцца ад папярэдніх родаў, што прайшлі з дапамогай хірургічнага ўмяшання. Могуць узнікнуць і іншыя сур'ёзныя ўскладненні. Вядома, гэтая аперацыя — не асноўная прычына смяротнасці сярод парадзіх, але сувязь, безумоўна, існуе.
Медыцына зрабіла крок наперад, у тым ліку ў Беларусі
— У некаторых краінах кесарава на жаданне пацыентак ўкаранілі, у нас — не, — працягвае Станіслаў Салавей. — Калі аперацыя праводзіцца па паказаннях, яна можа зменшыць рызыку смяротнага выніку. Укараненне кесарава на жаданне жанчыны дзіцячай смяротнасці не знізіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.