Доктар пра трагедыю ў мінскай радзільні. Кесарава не зрабілі дзеля статыстыкі?

У радзільні

У радзільні / unsplash.com

— Адсутнасць нармальнага абязбольвання і тое, што акушэрка націскала на жывот, — вось, мабыць, тое, на што б я звярнуў тут увагу, — рэагуе доктар-гінеколаг Станіслаў Салавей на гісторыю беларускі, якая расказала пра смерць нованароджанай дачкі ў пятай радзільні Мінска.

Усё астатняе суразмоўца Еўрарадыё са шкадаваннем называе рэаліямі нашай медыцыны, "пра якія нарэшце пачалі гаварыць".

Паводле Кацярыны Сухарукавай, роды праходзілі цяжка і без анестэзіі ("былі нейкія абязбольвальныя, але яны не працавалі"). Плод доўга не апускаўся, у выніку дзяўчынку давялося цягнуць вакуумам. Адразу пасля нараджэння дзіця рэанімавалі, але неўзабаве ў яго пачаўся крывацёк у лёгкім. Пасля другога спынення сэрца, нягледзячы на спробы дактароў дапамагчы, нованароджаная памерла ад асфіксіі.  

Жанчына ўпэўненая, што калі б ёй зрабілі кесарава сячэнне (паказанняў да якога не было), дачка засталася б жывая. Пра тое, што дактары цягнулі з кесаравым (але потым усё ж зрабілі), расказвала і жыхарка Салігорска, якая нядаўна паскардзілася, што праз халатнасць медработнікаў яе дзіця трапіла ў рэанімацыю.

— Ідыёты з Мінздароўя хочуць, каб жанчыны часцей нараджалі больш "натуральным шляхам", і чапляюцца да дактароў, калі лічбы не адпавядаюць плану, — каментуюць чытачы.  

Ці так гэта і навошта адмаўляцца ад працэдуры, калі яна можа дапамагчы?

Врач о трагедии в минском роддоме. Кесарево не сделали ради статистики?
Станіслаў Салавей / Архіў доктара

Праблема не ў тым, што дактары хочуць рабіць кесарава, а ім забараняюць

Каментуючы сітуацыю, Станіслаў Салавей раіць не прыдумляць канспіралагічных тэорый. Спецыяліст нагадвае, што роды — гэта экстрэмальная сітуацыя, падчас якой нешта можа пайсці не так. Дзіця можа памерці і падчас цяжарнасці, і ў працэсе родаў, і пасля нараджэння. На жаль, нават калі цяжарнасць працякае выдатна, няма ніякіх гарантый, што роды пройдуць добра.    

— Нават калі казаць пра тое, што Мінздароўя забараняе праводзіць кесарава (хоць гэта глупства, ніхто нікому не забараняе), існуе статыстыка СААЗ.

Дапусцім, ёсць 1000 жанчын, якія нараджаюць. Калі мы пры любой сітуацыі не будзем рабіць нікому з іх кесарава сячэнне, то вернемся ўмоўна ў 18-19 стагоддзе, памрэ энная колькасць дзяцей. Калі мы пачнём рабіць кесарава сячэнне па паказаннях, то ў сярэднім давядзецца зрабіць 10 адсоткаў кесаравых, каб мінімізаваць дзіцячую смяротнасць. Калі мы зробім 20 або 30 адсоткаў, то розніцы ў смяротнасці не будзе.

Пры гэтым няма дастатковай колькасці звестак адносна зніжэння працэнта нараджэння дзяцей у цяжкай асфіксіі (тое, што адбылося ў Салігорску).

Зразумела, што гэта статыстыка і заўсёды могуць быць нюансы, але па факце атрымліваецца так.

На жаль, план зробім 100 адсоткаў кесаравых сячэнняў, і ўсе дзеці выжывуць — не працуе.

Нават у краінах, дзе легалізаванае кесарава сячэнне на жаданне жанчыны, усё роўна такія сітуацыі здараюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі