У шасці гарадах Беларусі зафіксавалі эпідэмію рэспіраторных інфекцый

Грып, ілюстрацыйнае фота

Грып, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У шасці беларускіх гарадах медыкі зафіксавалі эпідэмію рэспіраторных захворванняў. Пра гэта выданне "Зеркало" даведалася з унутранай справаздачы сістэмы аховы здароўя, атрыманай пры дапамозе BELPOL.

Дакумент падрыхтаваны спецыялістамі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і адрасаваны Міністэрству аховы здароўя. У справаздачы падаюцца звесткі па захворваннях на 11-м каляндарным тыдні 2025 года — з 10 па 16 сакавіка. Таксама там гаворыцца пра сітуацыю на 17 сакавіка 2025 года.

У 18 самых буйных гарадах краіны ("кантрольных") за тыдзень эпідэміёлагі зарэгістравалі 78 167 выпадкаў рэспіраторных захворванняў. Гэта значна больш, чым за такі ж тыдзень год таму — прырост склаў 35,8%. Аднак летась пік захворвання прыпаў на студзень, а сёлета захворванне паступова расце з пачатку года.

Эпідэміёлагі выявілі найбольш сур'ёныя сімптомы ў сямі буйных гарадах:

— 19 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей, звярнуліся па дапамогу з "грыпападобным захворваннем". Сімптомамі называлі тэмпературу вышэй за 38°C, кашаль або боль у горле і адсутнасць іншых сімптомаў, якія патрабуюць шпіталізацыі;

— 12 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей, трапілі ў бальніцы з цяжкай вострай рэспіраторнай інфекцыяй. Яе сімптомы — тэмпература вышэй за 38°C, кашаль або боль у горле і дыхавіца або абцяжаранае дыханне, якія прыводзяць да шпіталізацыі.

Эпідэмічны парог па рэспіраторных інфекцыях (1632,22 выпадкі на 100 тысяч чалавек) быў перавышаны ў шасці гарадах. Гэта Віцебск, Барысаў, Бабруйск, Полацк, Наваполацк і Гродна. Пра эпідэмію таксама можна было гаварыць у дзвюх абласцях — Віцебскай і Мінскай. А вось у Брэсцкай захворванне ў сярэдзіне сакавіка пачало зніжацца, у адрозненне ад астатняй Беларусі.

Асноўная катэгорыя хворых — дзеці: непаўналетніх (да 18 гадоў) пацыентаў па краіне ў некалькі разоў больш, чым паўналетніх. Самы высокі ўзровень дзіцячага захворвання — у Мінску. За тыдзень з 10 па 16 сакавіка гэты паказчык дасягнуў 5110,12 выпадку на 100 тысяч чалавек (+16% у параўнанні з мінулым тыднем). Гэта азначае, што за тыдзень захварэлі 5,1% усіх дзяцей, улічаных сталічнай сістэмай аховы здароўя.

У 41% хворых выявілі грып — гэта на сёння асноўны рэспіраторны вірус у Беларусі. Сярод іншых рэспіраторных вірусаў лабараторыі часцей за іншыя выяўлялі РС-вірус і рынавірус. Былі таксама адзінкавыя выпадкі адэнавірусу, бакавіруса, сезоннага каранавіруса і бактэрыі мікаплазмы.

Каранавірус SARS-CoV-2 быў выяўлены толькі чатыры разы за тыдзень (з больш як 800 узораў). Новы метапнеўмавірус — усяго адзін раз. У трох пробах выявілі змяшаную інфекцыю, то бок некалькі узбуджальнікаў хвароб адразу.

Таксама за тыдзень у краіне зарэгістравалі 3305 выпадкаў пнеўманій. 56,4% пацыентаў накіравалі на стацыянарнае лячэнне, астатніх вырашылі лекаваць амбулаторна. У 81,4% выпадкаў дыягназ "пнеўманія" ставяць без дадатковых тэстаў.

Паказчык захворвання на пнеўманію склаў 36,6 выпадку на 100 тысяч насельніцтва. Гэта вышэй, чым на мінулым тыдні і чым год таму. Аднак тгэты паказчык значна ніжэйшы,  чым увесну "кавіднага" 2021-га. За тыдзень гэты паказчык найбольш вырас у Гродзенскай вобласці — да ўзроўню мінулага тыдня дадалося 12,9%.

У шасці гарадах Беларусі зафіксавалі эпідэмію рэспіраторных інфекцый
Графік захворвання з засакрэчанай справаздачы Мінздароўя

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.