Chatham House: Ціханоўская выйграла выбары ў першым туры

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

За Святлану Ціханоўскую на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала 52,2%, а за Аляксандра Лукашэнку — 20,6%. Да такіх высноў прывяло сацыяльнае даследаванне пра выбары і пратэсты ў Беларусі, якое праводзіў брытанскі аналітычны цэнтр Chatham House.

Chatham House: Тихановская выиграла выборы в первом туре

13,7% рэспандэнтаў не захацелі адказваць на пытанне "За каго вы прагаласавалі?". 9,2% прызналіся, што паставілі птушку ў графе "Супраць усіх". За Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Чэрачня і Ганну Канапацкую аддалі свой голас 2,7%, 0,9% і 0,3% рэспандэнтаў адпаведна.

Толькі 10,5% з апытаных цалкам упэўненыя, што выбары не былі сфальсіфікаваныя.

Паводле апытання, беларускае грамадства падзелена на тры групы:

  1. Тыя, хто падтрымлівае пратэст — 43,3%.
  2. Назіральнікі (тыя, хто хутчэй за патрабаванні пратэстоўцаў, але яны хочуць быць убаку) — 33,6%.
  3. Тыя, хто супраць пратэсту — 23,1%.

У гэтых групах рознае стаўленне да Каардынацыйнай рады апазіцыі. Яе падтрымліваюць прыхільнікі пратэсту. Тыя, хто супраць пратэсту, негатыўна ставяцца і да Каардынацыйнай рады. А назіральнікі не разумеюць яе ролі і задач.

Chatham House: Тихановская выиграла выборы в первом туре
Пацярпелы падчас акцый пратэсту 9 жніўня / Еўрарадыё

Больш за 70% лічаць, што дзеянні сілавікоў у перыяд з 9 да 11 жніўня былі неадэкватнымі. Нават палова тых, хто супраць пратэстаў, лічыць неабходным спыніць гвалт над пратэстоўцамі і правесці сумленнае расследаванне дзеянняў сілавікоў. 66,4% выступаюць за люстрацыю.

"Тое, што мы заўважылі ў рамках нашага даследавання: беларускае грамадства кардынальна мяняецца. Тыя змены, якія адбыліся, складана было ўявіць паўгода таму. Мы бачым, што цяпер з'яўляюцца нацыянальныя кансэнсусы: гэта не толькі пра незалежнасць і суверэнітэт, але і пра законнасць", — расказвае Еўрарадыё навуковы супрацоўнік цэнтра і аўтар даследавання Рыгор Астапеня.

Ну і, нарэшце, 38,2% рэспандэнтаў выбралі бел-чырвона-белы сцяг, 42,2% — дзяржаўны чырвона-зялёны, 19,6% — не вызначыліся.

Як праводзілася апытанне?

У перыяд з 22 да 28 верасня 2020 года аналітычны цэнтр апытаў 899 рэспандэнтаў. Выбарка якіх адпавядае агульнай структуры гарадскога насельніцтва Беларусі па поле, узросце і памеры горада пражывання апытваных.

"Па сутнасці, ёсць тры магчымасці правесці сацыялагічнае даследаванне, — працягвае Астапеня. — Па-першае, гэта можна зрабіць face to face — сустрэцца ўжывую. Але ў Беларусі гэта ў прынцыпе немагчыма цяпер і ў пэўным сэнсе небяспечна. Другая магчымасць — гэта праз тэлефон: патэлефанаваць з тэрыторыі Украіны ці Польшчы, што дорага. Трэцяе (тое, што зрабілі мы) — гэта анлайн-апытанне".

Астапеня адзначае, што карыстальнікі інтэрнэту, якіх у краіне па розных крыніцах ад 75% да 82% ад усяго насельніцтва, з'яўляюцца больш эканамічна і сацыяльна актыўнымі, чым тыя, хто інтэрнэтам не карыстаецца. Такім чынам, па словах аўтара апытання, гэта азначае, што рэальная падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі можа быць трохі вышэйшай, паколькі яго прыхільнікі звычайна менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго праціўнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі