Чыноўнікі Лукашэнкі шукаюць магчымасці наладзіць адносіны з Захадам

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка / "Коммерсант"

Беларусь гатовая да дыялогу і з суседняй Польшчай, і з ЗША, піша БЕЛТА са спасылкай на беларускіх дыпламатаў. Пра гатоўнасць да дыялогу з Польшчай па пытанні мігрантаў заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. "Мы гатовыя да дыялогу, і прэзідэнт на гэта настроены", — сказаў ён. Аднак, паводле яго ацэнкі, мінімізаваць напружанне на мяжы не хоча польскі бок. "Відаць, польскаму боку не вельмі цікавае вырашэнне гэтага пытання. І, напэўна, у яго планах працяг нагнятання напружанасці на мяжы", — адзначыў Рыжанкоў.

Нагадаем, сітуацыя абвастрылася вясной гэтага года. Польскія ўлады казалі, што спробаў незаконнага перасячэння мяжы стала больш, і мігранты паводзяць сябе агрэсіўней. У траўні на мяжы загінуў польскі вайсковец. У Варшаве прыгразілі закрыць грузавы пункт пропуску, і, відавочна, апавясцілі пра гэта Кітай. Пекін выкарыстоўвае беларускі шлях для наземнага транзіту тавараў.

Акрамя таго, сёння ў Мінску заявілі, што Беларусь гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяння з ЗША. Гэта агучыў часовы павераны ў справах Беларусі ў гэтай краіне Павел Шыдлоўскі. Паводле яго, у цяперашні момант адносіны паміж краінамі "знаходзяцца ў замарожаным, падвешаным стане". Але гэта адбылося, мяркуе Шыдлоўскі, не з віны Мінска. "Мы гатовыя да канструктыўнага ўзаемадзеяння. Натуральна, на аснове нармальнага, добрага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і канструктыўнага стаўлення да нас. Пакуль, на жаль, гэтага не назіраецца. Аднак мы не страчваем надзеі на лепшае", — заявіў дыпламат.

Нагадаем, адносіны Беларусі і ЗША сапсаваліся пасля фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта і здушэння пратэстаў у 2020 годзе. Яшчэ больш ускладніла гэтыя адносіны пазіцыя Мінска ў вайне, якую пачала Расія ва Украіне. У траўні ў ЗША быў прыняты новы Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі. У ім заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі, перастаць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для расійскай агрэсіі супраць Украіны, прыцягнуць Лукашэнку і ягоных саўдзельнікаў да адказнасці праз міжнароднае правасуддзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі