Сікорскі прыводзіць у прыклад закрыццё расійска-фінскай мяжы ў перыяд абвастрэння міграцыйнага крызісу. Радыкальнае рашэнне дапамагло справіцца з ростам нерэгулярнай міграцыі. Польшча будзе прымаць рашэнне пасля аналізу магчымых наступстваў. "Каб іх адчуў Лукашэнка, а не мы", — дадаў кіраўнік польскага МЗС.
Ці можа Польшча пайсці і на закрыццё чыгуначных пераходаў? Вайцяховіч не верыць у гэта.
"Менавіта таму, што ў такім выпадку вельмі моцна пацярпіць сама Польшча. Магчыма, яны могуць і на гэтай пайсці — але мера будзе кароткачасовай. Памежны рэгіён Польшчы жыве за кошт лагістыкі. І ўявіце, колькі людзей страціць працу, не кажучы ўжо пра памежную інфраструктуру, калі мяжу закрыюць", — кажа Вайцяховіч.
Пры чым тут Кітай?
Раней Еўрарадыё расказвала вам, да чаго можа прывесці поўнае закрыццё памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю. Сярод невідавочных бакоў гэтага пытання — Кітай. У "Супольнасці чыгуначнікаў" кажуць, што закрыццё межаў Беларусі з краінамі Еўрасаюза стане поўным правалам кітайскай эканамічнай палітыкі "адзін пояс — адзін шлях".
Канкурэнтаздольнасць сфармаваных маршрутаў і транспартных калідораў дасягалася шматгадовымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых краін. Каб аднавіць яе пасля закрыцця межаў, могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі і велізарныя ўкладанні, кажуць чыгуначнікі.
— Ужо ёсць сігналы, якія кажуць пра тое, што Кітай шукае "страховачныя" маршруты праз Азію. Але там горыстая мясцовасць. А гэта значыць, што ўхілы і спускі вельмі вялікія, 6 тысяч тон па іх не правязеш. А вось цягнуць па раўніне (праз Беларусь) — самае тое. Хутка і эканамічна, — кажа Вайцяховіч.
Санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўжо сур'ёзна паўплывалі на кітайскі транзіт. У 2023 годзе ён знізіўся да самых сціплых паказчыкаў за апошнія 6 гадоў.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на гэтым тыдні знаходзіўся з афіцыйным візітам у Пекіне і абмяркоўваў са кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам сітуацыю на беларуска-польскай мяжы. Ён расказаў і пра смерць польскага памежніка, як мяркуецца, ад рук "нерэгулярнага мігранта".
"Відавочна, што гэта мае наступствы, у тым ліку і ў тым, што датычыць магчымасці рэалізацыі памежнага руху наогул", — непрыемна намякнуў на закрыццё мяжы для грузаў Дуда падчас брыфінгу пасля размовы з таварышам Сі.
Журналісты польскага агенцтва PAP спыталі, ці плануе Пекін паўплываць на агрэсіўныя дзеянні Беларусі і Расіі.
"Кітайскі бок спадзяецца, што абодва бакі будуць ставіцца адзін да аднаго з павагай і будуць вырашаць праблему шляхам кансультацый, каб пазбегнуць эскалацыі напружанасці", — непрыемна намякнуў Лукашэнку на тое, што з палякамі давядзецца дамаўляцца, прэс-сакратар кітайскага МЗС.
Дарэчы, амаль год таму Літва, Латвія і Польшча ўжо заяўлялі, што могуць прыняць кансалідаванае рашэнне і цалкам закрыць мяжу з Беларуссю. Праз некалькі дзён пасля абвяшчэння пра гэтыя магчымыя планы ў Беларусь прыехаў кітайскі міністр. Супадзенне ці не, але ў тыя ж дні Беларусь раптам перастала пагражаць суседзям "вагнераўцамі". І рыторыка Аляксандра Лукашэнкі змянілася — ён успомніў, што суседзяў не выбіраюць, і даручыў сваім чыноўнікам "памірыцца" з Польшчай.
Зрэшты, памірыцца не атрымалася. А забойства польскага памежніка яшчэ больш раззлавала Варшаву. Цяпер там, падобна, зразумелі, што ўгаворы і апеляцыі да здаровага сэнсу на Лукашэнку не дзейнічаюць. І Дуда паехаў у Кітай.