На мяжы з Беларуссю не мігранты, а орды бандытаў — міністр абароны Польшчы
Польскія вайскоўцы на мяжы з Беларуссю
На беларуска-польскай мяжы дзейнічаюць не мігранты, якія спрабуюць атрымаць прытулак у ЕС, а "орды бандытаў". Пра гэта 26 чэрвеня заявіў у Сейме віцэ-прэм'ер — міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Ён прадставіў у парламенце праект паправак да законаў, якія рэгулююць дзеянні арміі, паліцыі ды памежнай службы пры пагрозах дзяржаўнай бяспецы.
Касіняк-Камыш, як піша "Позірк", заявіў, што нелегалы "нападаюць на мяжу і спрабуюць атакаваць <...> польскіх салдатаў і афіцэраў", яны "падрыхтаваныя і навучаныя гэтаму". Гэтыя напады міністр ахарактарызаваў як найвышэйшы ўзровень гібрыднай вайны супраць Польшчы.
22 чэрвеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Варшава разглядае магчымасць закрыць усе памежныя пераходы з Беларуссю.
6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка. 28 траўня яго паранілі на мяжы з Беларуссю, рана аказалася смяротнай. Мяркуецца, што параніў памежніка адзін з мігрантаў, якія спрабавалі перабрацца праз мяжу.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.