Стала вядома прозвішча польскага салдата, загінулага на мяжы з Беларуссю
Матэвуш Сітэк
Сталі вядомыя імя і прозвішча польскага салдата, загінулага на мяжы з Беларуссю. Гэта 21-гадовы Матэвуш Сітэк. Некралог з фота апублікавала 1-я Варшаўская танкавая брыгада. Развітанне з вайскоўцам адбудзецца 12 чэрвеня.
28 траўня Сітэк атрымаў цяжкае раненне падчас спынення спробы групы мігрантаў прарвацца ў Польшчу з беларускай тэрыторыі. Удар нажом нанёс адзін з мігрантаў. У стальным плоце на мяжы мігранты прарабілі пралом, і салдат спрабаваў шчытом перакрыць яго. У гэты момант яго ўдарылі нажом.
Вайсковец знаходзіўся ў коме. Выратаваць яму жыццё не ўдалося. Ён памёр 6 чэрвеня ў Вайсковым медыцынскім інстытуце ў Варшаве.
Рашэннем міністра абароны Польшчы Матэвуш Сітэк пасмяротна павышаны ў званні да сяржанта і ўзнагароджаны Залатым медалём "За заслугі ў абароне краіны".
МЗС РБ выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю польскага салдата. Перад гэтым з Варшавы была атрыманая нота з патрабаваннем выдаць Польшчы падазраванага ў забойстве. У Мінску абяцаюць яе разгледзець "з улікам усіх абставінаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.