Пасля размовы з Трампам Зяленскі спадзяецца, што мір можна дасягнуць ужо сёлета

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official

"Мы лічым, што разам з Амерыкай, з прэзідэнтам Трампам і пад амерыканскім кіраўніцтвам трывалы мір можа быць дасягнуты ўжо сёлета". Так Уладзімір Зяленскі пракаментаваў сваю сённяшнюю тэлефонную размову з Дональдам Трампам. Раней амерыканскі прэзідэнт у сацсетках назваў яе "вельмі добрай".

"Прэзідэнт Трамп падзяліўся падрабязнасцямі сваёй размовы з Пуціным і ключавымі пытаннямі, якія абмяркоўваюцца. Адным з першых крокаў да поўнага спынення вайны можа стаць спыненне ўдараў па энергетычнай і іншай грамадзянскай інфраструктуры. Я падтрымаў гэты крок, і Украіна пацвердзіла, што мы гатовыя яго рэалізаваць. Нашы каманды абмеркавалі гэты крок у Джыдзе.

Амерыканскі бок таксама прапанаваў безумоўнае спыненне агню на лініі фронту, і Украіна таксама прыняла гэтую прапанову. Мы працягнем працаваць над тым, каб гэта адбылося. Мы лічым, што такія крокі неабходныя для стварэння магчымасці для падрыхтоўкі ўсёахопнага мірнага пагаднення ў перыяд спынення агню", — расказаў Зяленскі падрабязнасці гутаркі.

Ён дадаў, што ўкраінскія і амерыканскія перамоўнікі гатовыя сустрэцца ў Саудаўскай Аравіі бліжэйшымі днямі для далейшай каардынацыі крокаў па дасягненні міру.

У той жа час прэс-служба Белага дома заявіла, што падчас тэлефоннай размовы Зяленскі папрасіў у Трампа дадатковыя сістэмы СПА, у тым ліку комплексы Patriot. Прэзідэнт зША нібыта паабяцаў пашукаць неабходныя ўзбраенні, у тым ліку ў Еўропе.

Таксама прэс-служба Белага дома паведаміла, што Штаты працягнуць перадаваць Украіне разведвальную інфармацыю абарончага характару. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі