Польскія следчыя маглі атрымаць ДНК чалавека, які смяротна раніў памежніка

Мяжа Польшчы і Беларусі

Мяжа Польшчы і Беларусі / x.com/Straz_Graniczna

Следчыя, верагодна, атрымалі адбіткі пальцаў і ўзоры ДНК чалавека, які напрыканцы траўня смяротна параніў польскага памежніка на мяжы з Беларуссю, перадае RMF FM.

Як піша выданне, эксперты здолелі прааналізаваць некаторыя сляды (у тым ліку біялагічныя), што засталіся на нажы забойцы 21-гадовага Матэвуша Сітка. Пакуль яшчэ нельга сказаць абсалютна дакладна, каму яны належаць, але існуе высокая верагоднасць, што гэта адбіткі пальцаў і ўзоры ДНК менавіта нападніка.

Высновы экспертаў перададзеныя ў пракуратуру. У самой пракуратуры адмовіліся каментаваць падрабязнасці экспертызы, аднак пацвердзілі, што заключэнне атрымалі і цяпер будуць прызначаныя далейшыя даследаванні.

28 траўня на беларуска-польскай мяжы невядомы ўдарыў польскага салдата праз агароджу нажом, прывязаным да палкі. Удар аказаўся смяротным: Матэвуш Сітэк памёр у Варшаве 6 чэрвеня. Варшава запатрабавала ў афіцыйнага Мінска выявіць забойцу і перадаць яго польскаму боку.

У СМІ пішуць, што палякі маюць фатаздымак мужчыны, які нанёс смяротнае раненне Сітку. Выяву ўдалося атрымаць дзякуючы камерам відэаназірання на мачтах на мяжы. Здымак размыты. Вядома, што нападнік мае смуглявую скуру: гэта хутчэй за ўсё сведчыць, што адзін з мігрантаў, а не афіцэр беларускіх службаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі