Польшча мяркуе, што РБ не аддасць мігранта, які смяротна параніў памежніка
Радаслаў Сікорскі
Польшча не разлічвае, што афіцыйны Мінск выдасць мігранта, які смяротна параніў польскага памежніка. "На жаль, мы не чакаем адэкватнага супрацоўніцтва з беларускага боку", — кажа кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Заява прагучала на прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня.
Паводле яго, у адказ на патрабаванне выявіць забойцу і перадаць яго польскаму боку рэжым Лукашэнкі абвінаваціў Польшчу ў адмове ад супрацоўніцтва паміж памежнымі службамі і парушэнні пагаднення пра рэадмісію.
"Я праверыў — няпраўда. Гэта Беларусь перастала прымяняць пагадненне пра рэадмісію пасля санкцый, якія ЕС увёў пасля прымусовага прызямлення ў Мінску еўрапейскага самалёта з беларускім дысідэнтам Раманам Пратасевічам", — дадае Сікорскі.
28 траўня невядомы з беларускага боку мяжы параніў польскага вайскоўца Матэвуша Сітка нажом. Праз некалькі дзён, 6 чэрвеня, 21-гадовы салдат памёр у лякарні. Пасмяротна яго ўзнагародзілі залатым медалём "За заслугі ў абароне краіны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.