Чыноўнікі пракаментавалі знос будынка Гістарычнай майстэрні ў Мінску
Ад будынка застаўся толькі падвал і груды цэглы
У адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска пракаментавалі нядаўні знос будынка Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой. Лічыцца, што там падчас Другой сусветнай вайны хаваліся апошнія выжылыя вязні гета.
"Рэканструкцыя прадугледжвае дэмантаж будынка, яго аднаўленне ў першапачатковым выглядзе, а таксама даабсталяванне прыбудовамі, — кажа неназваны чыноўнік. — Заканчэнне работ запланавана на жнівень 2025 года. Пры гэтым будынак будзе выкарыстаны па прызначэнні: для правядзення семінараў і выставы кампазіцый, прысвечаных гісторыі Мінскага гета".
Будынку абяцаюць вярнуць "аўтэнтычнае даваеннае аблічча": захаваць на гістарычным фасадзе "розную фактуру: драўляную, цагляную". Згодна з праектам, да гэтай гістарычнай часткі прыбудоўваецца сучасны корпус са шкла і бетону, піша minsknews.by.
Праўда, "гістарычнай часткі" ўжо няма. Там застаўся толькі падвал і груды цэглы.
Будынак канца XIX — пачатку XX стагоддзя (праўда, ёсць версія, што ён можа быць пасляваеннага часу) быў аварыйны. Таму яшчэ ў 2021-м распрацавалі праект рэканструкцыі. Гістарычная майстэрня мусіць значна пашырыцца. Але ніхто не чакаў, што на яе месцы з'явяцца руіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.