Ціханоўская выказалася пра спробу дыктатараў пасварыць беларусаў і літоўцаў
Беларускія і літоўскі сцягі на вулічнай акцыі ў Вільні, 2023 год
Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў, заявіла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская. 2 снежня ў Вільні яна выступіла на канферэнцыі "Беларусь — Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці". Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы і літоўцы “ніколі не былі ворагамі”, заклікала вырашыць праблемы і ўмацаваць дачыненні паміж суседнімі народамі, піша "Позірк".
Па словах Святланы Ціханоўскай, рэжым Лукашэнкі "нібыта шукаў слабое месца, каб разбурыць нашую салідарнасць". І такім правакацыям трэба супрацьстаяць разам, заявіла палітык. Яна згадала некаторыя з іх, у тым ліку "дзіўныя графіці на вуліцах Вільні".
Святлана Ціханоўская адзначыла, што ў Літве "не заўжды стаўленне да беларусаў справядлівае". І згадала гісторыю былога каліноўца Васіля Верамейчыка, які "не атрымаў дазволу жыць у Літве — толькі таму, што ён некалі служыў у беларускім войску". У далейшым з'ехаў у В'етнам, які яго выдаў рэжыму Лукашэнкі. І цяпер Верамейчык знаходзіцца ў зняволенні ў РБ.
Ціханоўская заклікала не ставіць знак роўна паміж беларусамі і рэжымам. "Ізалюючы рэжым, не ізаляваць людзей”, — сказала яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.