Да снежня Yara прыме рашэнне пра далейшую супрацу з "Беларуськаліем"

Да снежня Yara прыме рашэнне пра далейшую супрацу з "Беларуськаліем"

13 жніўня Святлана Ціханоўская ў Осла сустрэлася кіраўніком кампаніі Yara Свейнам Торэ Халзетэрам.

Сустрэча прысвячалася абмеркаванню правоў чалавека, дэмакратыі і сітуацыі з рабочымі "Беларуськалію" — пастаўшчыка Yara ў нашай краіне, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Па выніках сустрэчы Ціханоўская заявіла, што кампаніі трэба спыніць дзейнасць у Беларусі "да таго часу, пакуль у нашай краіне не будуць адноўленыя законнасьць і дэмакратыя, пакуль не будуць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітвязні". Яна дадала, што будзе радая ў будучыні бачыць кампанію ў якасці партнёра свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Прэзідэнт і CEO кампаніі Yara Свейн Торэ Халзетэр паведаміў, што кампанія спрабуе выкарыстаць сваю прысутнасць у Беларусі дзеля захавання правоў чалавека, працуе пры падтрымцы некалькіх праваабарончых арганізацый і незалежных прафсаюзаў. Ён дадаў, што Yara гатовая спыніць супрацу з "Беларуськаліем": "Yara вырашыла перагледзець сітуацыю і да снежня прыняць рашэнне аб далейшай прысутнасці ў Беларусі. Тым часам мы працягнем выкарыстоўваць сваё становішча для далейшага прасоўвання пытання бяспекі рабочых і правоў чалавека".

Як распавядала Еўрарадыё, са снежня 2021 года Літва абяцала спыніць экспарт беларускіх калійных угнаенняў пра свае порты. Верагодна, гэтае рашэнне таксама паўплывала на пазіцыю нарвежскай кампаніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі