Літва са снежня можа спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў

Клайпедскі порт / delfi.lt
Клайпедскі порт / delfi.lt

Са снежня Беларусь не зможа экспартаваць свае калійныя ўгнаенні праз Літву і літоўскія парты, пра гэта заявіў міністр транспарту і камунікацый краіны Марус Скуодзіс у інтэрв'ю Нацыянальнаму літоўскаму радыё.

Ён нагадаў, што ЗША на тыдні прынялі пакет эканамічных санкцый у дачыненні да Мінска. Абмежаванні закрануць і "Беларуськалій". Пры гэтым Міністэрства фінансаў ЗША дало амерыканскім кампаніям тэрмін да 8 снежня для завяршэння здзелак з беларускім калійным прадпрыемствам.

Па словах Скуодзіса, практыка паказвае, што з аглядкай на санкцыі ЗША "банкі не будуць прымаць плацяжы за аказаныя ў Літве паслугі ў еўра, а не толькі ў доларах" і "кампаніі, калі ёсць суб'ект, які падпадае пад санкцыі, адмаўляюцца мець з ім якія-небудзь дзелавыя адносіны".

У гэтай сувязі "я магу цвёрда заявіць, што са снежня, калі санкцыі ўступяць у сілу, угнаенні перастануць перамяшчацца праз Літву", — сказаў Скуодзіс.

Ён таксама расказаў, што на долю беларускага калію прыпадае прыкладна траціна грузаў, якія перавозіць Літоўская чыгунка і якія праходзяць праз Клайпедскі порт. Асноўны аб'ём беларускага калію адпраўляецца Кітай, Індыю і Бразілію. Толькі каля 10% угнаенняў ідуць у ЕС.

Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй размовы з журналістамі заявіў, што не баіцца страціць літоўскі шлях. Па яго словах, ёсць Мурманск, таму тады ён будзе адпраўляць калій у КНР па "кароткім" Паўночным марскім шляху.  Між тым у 2020-м агенцтва Argus паведамляла, што нават Расія адпраўляе праз свае парты толькі 64% угнаенняў, якія вырабляюцца ў краіне. І павялічыць адгрузку няма магчымасці, таму расіяне актыўна выкарыстоўваюць парты Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі і Літвы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі