Больш жорсткіх санкцый супраць Беларусі не было: хто трапіў пад абмежаванні ЗША
Пра новыя санкцыі было абвешчана ў гадавіну выбараў / калаж Еўрарадыё
ЗША абвясцілі 9 жніўня пра ўвядзенне новых санкцый супраць Беларусі. З аднаго боку, прэзідэнт Джо Байдэн падпісаў указ, які дазваляе ўводзіць абмежаванні аж да замарозкі ўсіх доларавых актываў беларускіх дзяржустаноў і імплементаваць іншыя абмежаванні. Але тут канкрэтныя крокі трэба рабіць амерыканскім ведамствам.
Больш канкрэтыкі ёсць у новым санкцыйным спісе Мінфіна ЗША. З пункту гледжання абмежавальных мер, якія прымаліся Вашынгтонам супраць афіцыйнага Мінска, гэтыя — самыя сур'ёзныя.
Кашалькі Лукашэнкі
У сваім паведамленні аб пашырэнні санкцый Мінфін ЗША наўпрост выкарыстоўвае тэрмін "кашалькі Лукашэнкі".
"… Яны карыстаюцца прэферэнцыямі рэжыму Лукашэнкі ў выглядзе манаполій, падатковых ільгот, выгадных кантрактаў і іншых механізмаў, якія часта замацоўваюцца ўказамі, падпісанымі самім Лукашэнкам. Узамен яны прадастаўляюць сродкі Лукашэнку і яго бліжэйшаму атачэнню, фінансуюць асабістыя праекты Лукашэнкі і публічна падтрымліваюць рэжым", — заяўляюць у Мінфіне.
Так, у спісе фігуруе "энергетычны кашалёк Лукашэнкі" — бізнесмен Мікалай Верабей і яго кампаніі "Белказтранс" (і "дачка" ва Украіне), "Інтэрсервіс", "Новая нафтавая кампанія" і яе "дачка" у Расіі, "Нафтабітумны завод" і "Абсалютбанк".
Еўрарадыё падрабязна распавядала пра сувязі Вераб'я з украінскім "кумам Пуціна" Віктарам Медведчуком і тое, як ён зарабляе на гандлі нафтапрадуктамі і вугалем ва Украіне.
Аляксей Алексін, вядомы як уладальнік сеткі "Табакерка", трапіў пад санкцыі як "тытунёвы кашалёк". Разам з ім — яго фірмы "Энерга-Оіл", "Інтэр-табака" і "Белнафтагаз".
У спісе і іх агульны з Вераб'ём праект — лагістычная "Брэміна груп", датычны да якой таксама Аляксандр Зайцаў.
Амерыканскія санкцыі закранулі не толькі беларусаў. Уключаны ў спіс і Нябойша Карыч — старэйшы сын Багалюба Карыча, заснавальніка бізнес-імперыі Карычаў.
Пад абмежаванні трапляюць як зарэгістраваная на Кіпры "Дана Холдынгз", так і беларускія фірмы сям'і Карычаў — "Дана Астра", "Эмірэйтс Блю Скай" і "Дубаі вотэр фронт".
Дзяржпрадпрыемствы
Санкцыі ЗША распаўсюджваюцца і на два буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Першае — "Беларуськалій". Цяпер на працягу 120 дзён амерыканскія фізічныя і юрыдычныя асобы павінны спыніць любыя аперацыі як з самім "Беларуськаліем", так і з яго "дочкамі", доля ў якіх у "Беларуськалія" складае больш за 50%. Зрэшты, "Беларуская калійная кампанія", трэйдар беларускіх угнаенняў, пад абмежаванні пакуль (гэта ключавое) асобна не трапіла.
Другое дзяржпрадпрыемства ў пераліку — Гродзенская тытунёвая фабрыка "Нёман". Як пішуць у абгрунтаванні Мінфіна ЗША, гэты завод — "галоўная крыніца нелегальных цыгарэт у Еўропе". Еўрарадыё таксама звяртала на гэта ўвагу ў тэксце пра тое, як працуе кантрабанда беларускіх цыгарэт.
Пад санкцыі таксама патрапілі кіраўнік "Белнафтахіма" Андрэй Рыбакоў, кіраўнік "Белшыны" Андрэй Бунакоў і гендырэктар "Гродна Азота" Ігар Ляшэнка. Самі гэтыя прадпрыемствы ўжо былі пад амерыканскімі санкцыямі.
Сілавікі і чыноўнікі
Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да Следчага камітэта — у Мінфіне ЗША адзначаюць, што СК знаходзіцца "ў авангардзе паслявыбарчых рэпрэсій". Асобна згадваюцца кіраўнік СК Дзмітрый Гара і яго намеснікі.
Ёсць у санкцый і "спартыўны раздзел": там Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама баксёр Дзмітрый Шакута, падазраваны ў датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі. Там жа — і спартзала "Shock Sports Club", якая належыць спартсмену.
І што ім з трапляння пад санкцыі?
Пасля трапляння ў санкцыйны спіс усе актывы гэтых кампаній або фізічных асоб у ЗША аўтаматычна замарожваюцца, тое ж самае — і фірмы, якія больш чым на 50% належаць ім.
Але ў рэлізе Мінфіна ЗША ёсць і цікавы момант: забароненыя ўсе транзакцыі з гэтымі кампаніямі не толькі для амерыканскіх грамадзян і юрыдычных асоб. Не дапускаюцца і транзакцыі "транзітам" праз ЗША. Фактычна, гаворка можа ісці пра забарону на любыя дамовы і пераводы ў доларах, таму што яны заўсёды праходзяць праз ЗША як краіну-эмітэнта.
Грозныя санкцыі Байдэна
Згаданыя ўжо санкцыі, якія ўводзяцца спецыяльным указам Байдэна, яшчэ будуць канкрэтна распрацаваныя і ўжытыя ў першую чаргу Мінфінам і Дзярждэпартаментам. Аднак раз указ падпісаны, гэтыя санкцыі ўведзеныя будуць — і яны акажуцца больш жорсткімі, чым еўрапейскія сектаральныя.
"Да ўступлення ў сілу сектаральных санкцый пройдзе нейкі час на іх падрыхтоўку і фіналізацыю (не думаю, што больш за паўгода). Мяркуючы па тым фармаце, які быў сёння прадстаўлены ў executive order, дзяржкампаніі Беларусі і "прыкарытныя" бізнесы ў канцы 2021 — пачатку 2022 чакаюць усёабдымныя сектаральныя санкцыі "іранскага фармату" разам з так званымі "другаснымі" санкцыямі, — каментуе журналіст і аналітык Серж Харытонаў. — Гэта значыць, што любая кампанія, якая будзе супрацоўнічаць з дзяржбанкамі, дзяржаўнымі бізнесамі або дзяржустановамі Беларусі аўтаматычна патрапіць у санкцыйныя спісы ЗША".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.