Стала вядома, хто трапіць пад новыя санкцыі ЗША
Сталі вядомыя падрабязнасці санкцый, якімі адміністрацыя Джо Байдэна абклала 9 жніўня беларускія ўлады
ЗША замарожваюць усе амерыканскія актывы:
— беларускіх дзяржустановаў, іх кіраўнікоў і служовых асобаў;
— беларускіх кампаній, якія працуюць у абаронным сектары і сектары бяспекі, энергетычным сектары, сферы вытворчасці калійных угнаенняў, тытунёвай прамысловасці, будаўнічым і транспартным сектары. Міністр фінансаў ЗША па ўзгадненні з дзяржсакратаром можа пашырыць пералік сектароў эканомікі Беларусі, якія трапляюць пад санкцыі.
Пад санкцыі трапляюць асобы:
— заўважаныя ў дзеяннях, што пагражаюць міру, бяспецы, стабільнасці ці тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі;
— адказныя за абмежаванне ці парушэнне правоў чалавека і асноўных свабод (у тым ліку свабоды меркаванняў, мірных сходаў, асацыяцый, веравызнання, а таксама перакананняў і перамяшчэння, свабоднага доступу да інтэрнэта і друкаваных, вяшчальных ці анлайн-СМІ ў Беларусі);
— адказныя за фальсіфікацыю выбараў у Беларусі;
— адказныя за спробы абыходу санкцый ЗША ў інтарэсах асобаў, чыя маёмасць блакуецца;
— звязаныя з карупцыяй у Беларусі.
Да дакумента дадаецца асобны спіс фізічных і юрыдычных асобаў, супраць якіх санкцыі ўводзяцца адрасна. У ім — беларускія прадпрымальнікі Алексін і Варабей, імперыя себрскіх братоў-бізнесоўцаў Карычаў, Алег Гайдукевіч, кіраўнік СК Дзмітрый Гара, Генадзь Давыдзька, кіраўнік "Гродна Азота" Ляшэнка, НАК Беларусі і "Беларуськалій".
Як паведамляла Еўрарадыё, сёння санкцыі супраць афіцыйнага Мінска ўвялі таксама Вялікабрытанія і Канада. Увядзенне санкцыяў прымеркаванае да гадавіны з дня выбараў у Беларусі і пачатку масавых пратэстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.