"Дарма спадзяецца": эксперт — пра стаўку Лукашэнкі на Трампа
Аляксандр Лукашэнка і Майк Пампеа ў лютым 2020 года
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка, Святлана Ціханоўская і Зянон Пазняк амаль сінхронна павіншавалі Дональда Трампа з перамогай на выбарах. Аднак гэтая публічная ветлівасць наўрад ці паспрыяе наладжванню адносін з будучым прэзідэнтам ЗША — Беларусь застаецца па-за яго ўвагай.
Пра гэта ў стрыме Еўрарадыё расказаў Антон Пянькоўскі, дарадца Агенцыі еўраатлантычнага супрацоўніцтва.
“Аляксандр Лукашэнка ўжо толькі і гаворыць, што пра Трампа. І ён, канешне, вельмі спадзяецца на нейкія змены ў амерыканскай палітыцы датычна Беларусі. <...> Гэтыя спадзяванні абгрунтаваныя нейкім мінулым вопытам.
Але ж тут трэба памятаць, [што] з 2015 па 2020 год амерыканскі ўрад меў мяккую палітыку "маленькіх крокаў", што тычыцца Беларусі. Гэта нельга назваць лібералізацыяй. Але ж там ішоў такі вельмі асцярожны торг.
Мы памятаем, што ў 2015 годзе ў Беларусі былі вызваленыя апошнія дзесяць палітвязняў <...> у тым ліку Мікола Статкевіч. І потым амерыканскі ўрад прыпыніў і зняў <...> санкцыі з Белнафтахіма. І кожны год гэтая ліцэнзія працягвалася.
Такім чынам, можна сказаць, што ўрад ЗША спрабаваў наладзіць працу з рэжымам Лукашэнкі, даючы зразумець, што пры добрых паводзінах магчымыя пэўныя адносіны. Гэта праявілася праз санкцыі, сумесныя праграмы і іншыя формы ўзаемадзеяння з беларускімі ўладамі.
Мы павінны памятаць візіт дзяржсакратара Майка Пампэа ў лютым 2020 года. Гэта быў такі бенефіс Лукашэнкі. Да яго прыехаў сам дзяржсакратар ЗША!
Там былі пэўныя перамовы і нават дамоўленасць па нафце. <...> Беларусь будзе купляць нафту ў ЗША насуперак Расіі, і ў пачатку 2020 года Крэмль быў дрэнным сябрам для Лукашэнкі. І ён вельмі спрабаваў сябраваць са Злучанымі Штатамі".
Але па выніку ЗША даслала два танкеры з нафтай у порт Клайпеды пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі стала зразумела, што ніякага кантакта Беларусі і ЗША ўжо не будзе.
"Тады ўсё было перакрэслена. І, канешне, Лукашэнка памятае вось гэтыя перамовы, тое што з ім увогуле размаўлялі. І, вядома, ён спадзяецца, што гэты дыялог будзе неяк працягнуты з новай адміністрацыяй.
Але ж тут мы не мусім быць падманутымі. Вось той урад Трампа ў дваццатым годзе ўбачыў, што з Лукашэнкам не атрымалася дамовіцца, ён парушае дамоўленасці. Ён усё ж такі выбраў сябраваць з Пуціным. Ён выбраў сябраваць з Крамлём і расійскімі алігархамі. І, канешне, усе гэтыя дамоўленасці яны потым былі скасаваныя.
Я мяркую, што калі ў Дзярждэпартамент ЗША і іншыя ўрадавыя арганізацыі вернуцца людзі з <...> памяццю мінулых перамоваў ці нават кантактаў з Лукашэнкам, яны памятаюць, што тады не атрымалася.
Не думаю, што спадзяванні Аляксандра Лукашэнкі на нейкую кааперацыю ці гандаль са Злучанымі Штатамі маюць пад сабой аснову. Гэта толькі ягоныя надзеі. Ён, вядома, можа спадзявацца. Пажадаем яму поспеху, але зараз у яго наўрад ці што атрымаецца”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.