Далідовіч — Еўрарадыё і by.tribuna.com: Без вашай дапамогі я б не справіўся
Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч, які днямі на краўдфандынгавай пляцоўцы talaka.by, сабраў усю неабходную суму для ўдзелу ў Алімпіядзе (30 тысяч рублёў), падзякаваў за інфармацыйную падтрымку Еўрарадыё і сайту by.tribuna.com. “Без Вашай дапамогі я б не справіўся адзін. Разам мы можам больш зрабіць! Дзякуй!!!”, — напісаў спартсмен у Facebook.
Як інфармавала Еўрарадыё, 44-гадовы Далідовіч не быў уключаны ў нацыянальную зборную (яго палічылі “занадта старым”). Аднак спартсмен, які ўжо ўдзельнічаў у шасці Алімпіядах, вырашыў патрапіць і на сёмую. І абвесціў збор сродкаў, паколькі яго спартыўнай пенсіі хапае толькі на транспарт і харчаванне. Па словах Сяргея Далідовіча, грошы патрэбны для ўдзелу ў некалькіх зборах за мяжой. Іх ён планаваў сабраць да кастрычніка, але патрэбную суму мае ўжо ў жніўні.