Данкверт, Баўмгертнер і 100 мільёнаў долараў нашых стратаў
Або чаму кіраўніку Рассельгаснагляду на самай справе пакуль што лепш праводзіць перамовы з Беларуссю на сваёй тэрыторыі.
Беларускія СМІ старанна вымаўляюць новае "нядобрае" прозвішча — Данкверт, як калісьці практыкаваліся ў прозвішчы Баўмгертнер.
Магчыма, выпадкова, але сам кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт у Мінск на "каўбасныя" перамовы 1-2 снежня не прыехаў, відаць, гэта для яго да лепшага. На наступны дзень 3 снежня на нарадзе ў прэзідэнта гэта прозвішча дарэмна ўзгадваюць не раз:
"Вы мяне пераконвалі ў тым, што праблем няма. З Данквертам дамовіліся. Дзе гэтыя дамоўленасці?" — пытаецца ў сваіх міністраў Лукашэнка. Спытаць самога Данкверта не можа.
На наступны дзень 4 снежня Сяргей Данкверт ў Маскве працягвае перамовы з беларускім бокам. Цікава, што напярэдадні мінскай сустрэчы кіраўнік Рассельгаснагляду таксама асабіста ўдзельнічаў у перамовах з беларусамі. Гэта значыць ён прапусціў толькі Мінск.
Беларуская ацэнка страт ад зрыву паставак каўбас ў Расію — 100 мільёнаў долараў. Гэта пры тым, што за 9 месяцаў гэтага года экспарт у Расію каўбас і прадуктаў з мяса склаў усяго толькі 138 мільёнаў долараў. Нагадаем, былому кіраўніку "Уралкалія" і Беларускай калійнай кампаніі Уладзіславу Баумгертнеру нашы следчыя выстаўлялі прэтэнзіі па страчанай выгадзе ў... 100 мільёнаў долараў. Так што Сяргею Данкверту на самай справе пакуль што лепш праводзіць перамовы на сваёй тэрыторыі.