Для Беларусі небяспечна быць па-за Еўрасаюзам

1 траўня 2004 года ў Еўрасаюз уступілі дзесяць новых краінаў: Чэхія, Эстонія, Кіпр, Літва, Латвія, Венгрыя, Мальта, Польшча, Славенія і Славакія. Якія змены гэты крок прынёс жыхарам новых еўрапейскім краінаў? Пачнем з Літвы, і слова працаўніку Арыфу.

Арыф: Перамены адчуваюцца. Еўропа фінансуе шмат праектаў, напрыклад, тое ж пашырэнне Вільні. Людзі сталі лепш зарабляць, стала больш працы, за мяжу можна ездзіць без праблемаў.

Змены прыйшлі і да малодшага пакалення жыхароў Літвы. Гаворыць школьніца Карына:

Карына: Канешне, гэта адчуваецца і ў школах. Выдзяляюцца фінансавыя сродкі, арганізуюцца экскурсіі, у тым ліку і за мяжу. Усё да лепшага!

Зазірнем у Польшчу. Як там аценьваюць далучэнне да Еўрасупольнасці? Слова Ользе, студэнтцы.

Ольга: Залежыць ад узросту. Моладзь бачыць асноўны плюс у тым, што можна проста выехаць за мяжу. Але для Польшчы гэта мінус, бо выяжджаюць добра адукаваныя людзі. Я думаю, што звычайны чалавек асабліва не заўважыў перамен, акрамя таго, што кошты наблізіся да еўрапейскіх, а заробкі засталіся польскімі.

Цяпер цяжэй утрымацца на рынку працы, – дзейнічаюць большыя вымаганні. Асабіста я ацэньваю пазытыўна, бо ў Польшчы аб Еўрасаюзе кажуць выключна станоўча, – і я спадзяюся, што калісьці ўсе гэтыя абяцанні выканаюцца.

Што скажуць чэхі? Гаворыць Мілан, студэнт.

Мілан: Я зараз прыгадваю, што калі быў рэферэндум па пытанні далучэння да Еўрасаюзу, большасць моладзі была супраць. Асабіста я баяўся, што Чэхія, як маленькая краіна, можа страціць суверэнітэт і будзе вымушаная рабіць тое, чаго захоча Брусэль, што мы не будзем мець уплыву на агульна еўрапейскія рашэнні.

А старэйшае пакаленне было “за”. Мая мама тады сказала, што робіць гэта для мяне. Я адказаў, што мы, моладзь не хочам ў Еўрасаюз. А яна – пабачыш, будзе лепш. І ўрэшце рэшт ёсць лепш.

Новыя еўрапейцы задаволеныя. А што з Беларуссю? Ці ёсць для яе месца ў Еўропе? Пра гэта я запыталася ў рэдактара беларускага штодзеннага інтэрнэт-часопіса “Новая Еўропа” Аляксандра Адамянца.

Адамянц: Гісторыя, культура, геаграфічнае становішча – усё гэта паказвае на тое, што Беларусь з’яўляецца еўрапейскай краінай. Цалкам натуральна, што Беларусь мусіць заставацца часткай Еўропы і імкнуцца да інтэграцыі ў еўрапейскае грамадства.

А ці няма пагрозы, што меркаванне маленькай Беларусі не будзе ўлічвацца ў Еўропе?

Адамянц: Я думаю, што небяспека, што Беларусь не зможа ні на што ўплываць, захаваецца толькі тады, калі яна застанецца па-за Еўрасаюзам, паколькі побач з Беларуссю знаходзіцца вялікая Расія, якая імкнецца атрымаць кантроль над нашай краінай.

Таму я лічу, што толькі ў межах еўрапейскай сям’і Беларусь зможа мець свой голас, бо тыя правілы і прынцыпы, якія палягаюць у аснове еўрапейскай супольнасці, дазваляюць улічваць галасы і драбнейшых дзяржаваў.

Ці Вы не думаеце, што пры ўступленні Беларусі ў Еўрасаюз і адкрыцці мяжы моладзь проста з’едзе з краіны?

Адамянц: Я думаю, што такая небяспека існуе. Але моладзь выяжджае з краіны і цяпер, і яшчэ вялікае пытанне, што больш спрыяе таму, каб моладзь выязджала: цяперашняя сітуацыя ці інтэграцыя ў Еўрасаюз.

Мара Нальшанская, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі