Дзевяцярых фігурантаў “справы Tut.by” памілавалі
Плакат салідарнасці з Tut.by / NURPHOTO
Беларускі суд вырашыў памілаваць дзевяцярых фігурантаў “справы Tut.by”, піша Zerkalo са спасылкай на ўласныя крыніцы. Напярэдадні пра сваё памілаванне — прашэнне было пададзена ў снежні — напісаў у сацсетках гендырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў.
“Кожная гісторыя мае пачатак і канец. На днях у гэтай гісторыі была пастаўлена кропка — нас памілавалі. Яшчэ раз дзякуй усім, хто падтрымваў і перажываў!” — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Павалішава затрымалі 18 мая 2021 года ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праз некалькі месяцаў, 1 верасня, меру ўтрымання для гендырэктара hoster.by змянілі, і выпусцілі яго з СІЗА. З той пары Павалішаў усё яшчэ знаходзіўся пад следствам.
Пасля ператрусу ў галоўным офісе Tut.by у траўні 2021 года было затрымана 15 чалавек. Паступова некаторым з іх змянялі меры спынення. Да пачатку судовага працэсу ў студзені 2023 года за рашоткай заставаліся толькі галоўны рэдактар партала Марына Золатава і генеральны дырэктар Людміла Чэкіна. Для абедзвюх беларускі суд прызначыў 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Яшчэ трое — рэдактар аддзела Вольга Лойка, юрысконсульт Кацярына Ткачэнка і журналістка Алена Талкачова пасля змены меры ўтрымання пакінулі Беларусь былі абвешчаны ў вышук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.