Эрдаган: адзін з падазраваных у брусельскіх тэрактах быў дэпартаваны ў Бельгію
Турэцкія праваахоўнікі аднаго з падазраваных у здзяйсненні тэрактаў у Бруселі ўжо затрымлівалі ў правінцыі Газіянтэп, што на мяжы з Сірыяй, у чэрвені 2015 года. Пасля гэтага яго дэпартавалі ў Бельгію. Пра гэта заявіў прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган, паведамляе Reuters.
“Аднаго з тэрарыстаў, які зладзіў тэракт у Бруселі, мы затрымалі ў чэрвені мінулага года ў Газіянтэпе і дэпартавалі ў Бельгію, аб чым 14 ліпеня 2015 года перадалі ноту ў бельгійскае пасольства. Бельгійцы яго адпусцілі”, — сказаў кіраўнік краіны.
Па яго словах, бельгійскія праваахоўнікі праігнаравалі гэтае папярэджанне, бо не змаглі выявіць сувязь затрыманага з замежнымі тэрарыстамі, нягледзячы на засцярогі турэцкага боку. Тым часам, бельгійская пракуратура абвергла гэтую інфармацыю, перадае выданне De Morgen.
Эрдаган не назваў прозвішча, але ў СМІ з'явілася інфармацыя, што гэта — Брахім Бакрауі, які 22 сакавіка падарваў сябе ў брусельскім аэрапорце.
Як мяркуюць бельгійскія следчыя, выбуховую прыладу ў зале вылету брусельскага аэрапорта прывёў менавіта ён. Выбухоўку ў метро падарваў яго брат Халід Бакрауі. Асоба трэцяга смяротніка, які прывёў у дзеянне бомбу ў аэрапорце пакуль не высветленая. Таксама паліцыя пакуль не знайшла магчымага саўдзельніка братоў, які пакінуў у аэрапорце сумку з яшчэ адной бомбай і ўцёк. Паведамляецца, што яго завуць Наджым Лаашрауі.
Генпракурор Бельгіі Фрэдэрык Ван Леу заявіў, што на камп’ютары Брахіма Бакрауі знайшлі перадсмяротнае паведамленне: “Я не ведаю, што рабіць, мяне паўсюль шукаюць, я больш не ў бяспецы. Я не хачу апынуцца ў турэмнай камеры побач з ім”.
Мяркуецца, ён меў на ўвазе арыштаванага падазраванага ў тэрарызме Салаха Абдеслама.