ЕС плануе забараніць увоз у Беларусь люксавых аўто — Financial Times
Не прапушчаныя ў Беларусь электрамабілі Tesla Cybertruck
У Еўрасаюзе абмяркоўваюць узмацненне санкцый супраць беларускага рэжыму, каб абмежаваць імпарт у Расію некаторых заходніх тавараў і прадметаў раскошы праз нашу краіну. Пад забарону могуць трапіць дарагія аўтамабілі, піша "Зеркало" са спасылкай на Financial Times.
Паводле звестак выдання, далейшыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска будуць найперш накіраваныя на сінхранізацыю з ужо ўведзенымі абмежаваннямі супраць Расіі. Напрыклад, пад забарону можа трапіць экспарт у Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю звадкаванага прыроднага газу і некаторых тэхналогій і тавараў падвойнага прызначэння (гэта значыць тых, якія можна выкарыстоўваць у ваенных мэтах). Таксама плануецца спыніць імпарт алмазаў з Беларусі.
Каб спыніць рээкспарт люксавых аўто ў Расію, плануецца забараніць іх увоз у Беларусь. Паводле Financial Times, штомесячны аб'ём продажаў аўтамабіляў і аўтазапчастак з краін ЕС у Беларусь за два гады вырас у пяць разоў — ад 50 мільёнаў долараў у студзені 2022-га да 268 мільёнаў долараў у студзені 2024-га. Экспарт ідзе пераважна з Германіі ды Польшчы. Найбольшы рост зафіксаваны менавіта ў прэміум-сегменце — аўтамабілях Rolls-Royce, Maybach і іншых. Большая іх частка з Беларусі адпраўляецца ў Расію, хаця экспарт такіх аўто ўжо забаронены.
Як паведамлялася раней, з канца сакавіка польскія мытнікі перасталі прапускаць у Беларусь аўто на транзітных нумарах з рухавіком ад 1,9 літра і даражэй за 50 тысяч еўра. Неўзабаве аналагічныя забароны ўвялі ў Латвіі і Літве.
На пачатку траўня, як распавядала Еўрарадыё, літоўская мытня не прапусціла ў Беларусь два электрамабілі Tesla Cybertruck коштам больш за 200 000 еўра. Машыны планавалася праз Беларусь даставіць у Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.