ЕС спачувае з нагоды смерці Клімовіча і патрабуе даць доступ да Бабарыкі

Мікалай Клімовіч / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку
Мікалай Клімовіч / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

Еўрапейскі Саюз "з трывогай і смуткам" даведаўся пра смерць беларускага палітвязня Мікалая Клімовіча ў віцебскай калоніі №3. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік ЕС па замежнапалітычных пытаннях Петэр Стана, перадае DW.

"На жаль, ён адзін з многіх беларусаў, якія знаходзяцца ў турме, нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, пакутуючы без доступу да лекаў і медыцынскай дапамогі", — падкрэсліў прадстаўнік Еўрасаюза.

Смерць Клімовіча ён назваў "яшчэ адным доказам" пагарды рэжыму да жыцця і правоў людзей.

Як распавядала Еўрарадыё, раней спачуванні з нагоды смерці Клімовіча выказала генсакратар Савета Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч.

Таксама ў сваёй заяве Еўрасаюз патрабуе даць неадкладны доступ да былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Раней паведамлялася, што яго шпіталізавалі пасля жорсткага абыходжання ў турме. Але ўжо больш за 10 дзён невядома, дзе перабывае палітвязень.

Акрамя таго ЕС патрабуе правесці расследаванне абставінаў смерці палітвязня Вітольда Ашурка ў траўні 2021 года і неадкладна і без умоваў вызваліць усіх палітвязняў.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі