Фацінскі маньяк з Магілёва прызнаўся яшчэ ў адным забойстве і асуджаны за яго

Фацінскі маньяк з Магілёва прызнаўся яшчэ ў адным забойстве і асуджаны за яго

Судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда асудзіла 45-гадовага магілёўца за наўмыснае забойства з карыслівых меркаванняў.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на начальніка аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Сяргея Мінава, у 2010 годзе мужчыну асудзілі за два наўмысныя забойствы з асаблівай жорсткасцю. Тады ў магілёўскім мікрараёне Фаціна ён забіў дзвюх жанчын і расчляніў іх. У народзе ён атрымаў мянушку "фацінскага маньяка".

Мужчына быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Падчас адбыцця пакарання ён прызнаўся ў яшчэ адным забойстве. Яно адбылося ў перыяд з траўня па чэрвень 1999 года ў вёсцы Амховая-2 Магілёўскага раёна. Ахвярай злачынства стала дзяўчына 18-20 гадоў. Зветскі пра яе высветліць не ўдалося.

На судзе выявілася, што абвінавачаны пазнаёміўся з дзяўчынай і дамовіўся з ёй сустрэцца, каб разам адпачыць. Пры сустрэчы дзяўчына сказала, што зарабіла не менш за 2 млн рублёў. Для мужчыны сума была значнай, бо ён доўгі час не працаваў. Ён прапанаваў дзяўчыне купіць спіртное, закуску і паехаць да яго на дачу ў Амховую-2.

Падчас выпіўкі мужчына прапанаваў падзяліцца з ім грашыма, але дзяўчына адмовілася. Тады ён яе некалькі разоў стукнуў, а потым стаў душыць. Забітую дзяўчыну ён расчляніў. Частку схаваў на сваім прысядзібным участку, частку — закапаў за вёскай. Рэчы, пашпарт і вопратку дзяўчыны спаліў. Скрадзеныя 900 тысяч рублёў выдаткаваў на ўласныя патрэбы.

Падчас следства мужчына даў паказанні, паказаў, дзе пахаванае цела пацярпелай. Але потым ён адмовіўся ад сваіх паказанняў і заявіў, што не здзяйсняў злачынства. Але суд прызнаў яго віну і прызначыў 15 гадоў пазбаўлення волі.

З улікам таго, што 5 лістапада 2010 года яго прысудзілі да пажыццёвага зняволення, канчаткова суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.

Фота: newsnetwork.tv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі