Фактчэк: у Беларусі будуць шыць форму і абутак для салдат Пуціна
Рускі вайсковец / t.me/Ministerstvo_oborony
У сеціве распаўсюджваюцца чуткі пра тое, што некаторыя беларускія прадпрыемствы атрымалі заказы шыць форму і абутак для салдат Пуціна.
— У абедзенны перапынак зайшоў дырэктар нашай кампаніі і выдаў навіну: паступіла распараджэнне ад міністра лёгкай прамысловасці і ад кагосьці з Мінабароны шыць форму і берцы для расіян. Па тэрмінах не сказаў, але, магчыма, ужо ў кастрычніку, — публікуе паведамленне чытача тэлеграм-канал "Беларусь головного мозга".
Там жа паведамляюць, што заказы паступілі на прадпрыемствы "Отыка", "Праца" і "Бяспека працы" — "паколькі яны падпарадкоўваюцца Беллегпраму".
Работнікі гэтых прадпрыемстваў усё адмаўляюць.
— Такога няма наогул, не было ў нас заказаў ад войска Расійскай Федэрацыі, — кажуць Еўрарадыё ў камерцыйным аддзеле фабрыкі "Отыка", прадстаўніцтва якой працуе і ў Расіі.
— Можа быць, вы атрымлівалі заказ ад Міністэрства абароны Беларусі?
— Тэндарныя рассылкі ад Мінабароны мы атрымлівалі, але не ўдзельнічаем.
— Гэта значыць, вы наогул не шыеце абутак для вайскоўцаў?
— Я не магу зразумець, пра што гаворка.
— Гаворка пра абутак для расійскіх вайскоўцаў.
— Не, такіх заказаў на "Отыка" няма.
— А калі атрымаеце такі заказ, будзеце выконваць?
— Не магу вам сказаць, рашэнне будзе прымаць кіраўніцтва.
А вось што нам расказваюць у ААТ "Праца".
— Такога ў нас няма.
— Сто адсоткаў?
— Так, мы працуем толькі з Беларуссю.
— А ад Мінабароны Беларусі атрымлівалі заказ? Можа быць такое, што нашы вайскоўцы заказалі ў вас абутак, каб падзяліцца з расіянамі?
— Не-не, з Мінабароны таксама не працуем, у нас толькі прамысловасць.
Адказаць на пытанне, ці будзе прадпрыемства шыць абутак для расійскіх салдат, калі заказ усё-ткі паступіць, тут таксама не змаглі.
ТАА "Бяспека працы" спецыялізуецца на пастаўках спецадзення, форменнага і рабочага адзення, спецабутку і СІА.
Тут мужчына, які прадстаўляецца менеджарам па продажах, кажа, што мы пытаемся пра "нейкую лухту" і ён "не думае, што гэта праўда", а потым тут жа адказваюць, што ўсё гэта "няпраўда", прынамсі, ён нічога не чуў пра такія заказы.
Еўрарадыё паспрабавала ўдакладніць, ці можа нехта ў кампаніі даць больш канкрэтны адказ на наша пытанне, але суразмоўца пажадаў не ісці наверх і "не разводзіць паніку" на падставе чутак, якія захацелі праверыць журналісты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.