Фінляндыя цалкам закрывае мяжу з Расіяй да 13 снежня
Мяжа Расіі і Фінляндыі
Фінляндыя з 30 лістапада да 13 снежня цалкам закрывае сухапутную мяжу з Расіяй. Выключэнне зробяць толькі для грузавых перавозак.
Раней Фінляндыя пакідала адкрытым толькі адзін КПП на поўначы, у трох гадзінах язды ад Мурманска. Меры былі прынятыя пасля таго, як рэзка вырасла колькасць мігрантаў, якія памкнуліся ў Фінляндыю з тэрыторыі Расіі.
Рэзкім павелічэннем колькасці мігрантаў патлумачыў поўнае закрыццё мяжы фінскі прэм'ер-міністр Пэтэры Орпа, перадае Бі-Бі-Сі. Раней ён выказваў здагадку, што рост колькасці мігрантаў можа быць спланаванай акцыяй з боку Расіі. У Хельсінкі мяркуюць, што гэткім чынам Расія помсціць за ўступленне Фінляндыі ў NATO і пашырэнне абароннага супрацоўніцтва з ЗША. Крэмль гэтыя абвінавачванні адмаўляе.
Па звестках фінскіх памежнікаў, у лістападзе ў краіну з Расіі прыехалі каля 900 просьбітаў прытулку з такіх краін, як Афганістан, Кенія, Марока, Пакістан, Самалі, Сірыя і Емен.
Раней міграцыйны крызіс на межах з краінамі ЕС стваралі беларускія ўлады. Цяпер ёсць звесткі пра беларускія візы ў некаторых мігрантаў, якія едуць праз Расію ў Фінляндыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.