"Гэта нават не ДТЗ": у Мінску сутыкнуліся тры БТРы, ніхто не пацярпеў

Бронетранспарцёры на вуліцах Мінска / ілюстрацыйнае фота Еўрарадыё​ 
Бронетранспарцёры на вуліцах Мінска / ілюстрацыйнае фота Еўрарадыё​ 

26 ліпеня ў ТГ-канале "Мая краіна Беларусь" з'явілася відэа з праспекта Пераможцаў у Мінску. Па праезнай частцы ідзе ваенная тэхніка — і бронетранспарцёры раптам сутыкаюцца. З іх утвараецца класічны "паравоз", як калі б хтосьці не разлічыў хуткасць на святлафоры.

Відэа зняў пасажыр тралейбуса, які апынуўся побач.

— Галавой выцяўся! — кажа пасажырка тралейбуса. Гаворка, як відаць, пра кагосьці з вайскоўцаў.

Як паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Мінабароны Наталля Гаўрусік, у інцыдэнце з удзелам БТР-80 няма пацярпелых. Як сярод вайскоўцаў, так і сярод грамадзянскіх асоб.

— На шчасце, усё ў парадку. Гэта нават не ДТЗ, строга кажучы. Механік-кіроўца адной з машын зачапіў БТР, які ішоў наперадзе і прытармазіў на звужэнні дарогі. Трэба разумець, што звычайна баявая тэхніка не ідзе на такой кароткай дыстанцыі, як у горадзе. Тут дэсантнікі імкнуліся ў першую чаргу не затрымліваць гарадскі рух.

Сутыкненне было настолькі нязначным, што калоне не спатрэбілася спыненне. Машыны працягнулі рух, абодва механікі-кіроўцы цэлыя, ніхто не пацярпеў і не атрымаў траўмаў. Тэхніка таксама ў поўным парадку.

Са слоў Гаўрусік, калона рухалася на трэніроўку святочных мерапрыемстваў, якія пройдуць у Мінску да Дня дэсантніка.

Раней у той жа дзень у сацсетках з'яўляліся відэа таго, як баявыя машыны плаваюць у Свіслачы ў самым цэнтры сталіцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі