"Гэта не абстрактныя правы чалавека". Навошта беларусам хросныя ў Бундэстагу
Алесь Бяляцкі
Год таму старшыня міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco Ларс Бюнгер дзяліўся з Еўрарадыё амбіцыйнымі мэтамі. Яму б хацелася, каб лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага пазнавалі на еўрапейскіх вуліцах гэтак жа лёгка, як Барака Абаму.
Сёння ў Бяляцкага дзень нараджэння. Праз год пасля нашага інтэрв'ю з Ларсам яго калегі прызнаюць, што гэта была, відаць, занадта амбіцыйная мэта.
— На жаль, сітуацыя пакуль далёкая ад таго, каб Алесь Бяляцкі быў гэтак жа вядомы, як Барак Абама, — прызнае каардынатар Офіса Libereco ў Цюрыху Фларыян Відэман. — Нягледзячы на яго ролю як лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, яго імя не вельмі шырока вядомае ў Еўропе. У асяроддзі палітыкаў, зразумела, яно вядомае. Але гэтага нельга сказаць пра грамадства ў шырокім сэнсе.
Навошта беларусам "хросныя" ў парламентах
Аднак дзякуючы Libereco імя Бяляцкага рэгулярна гучыць у Бундэстагу. Libereco належыць ініцыятыва стварыць "хросных" для беларускіх палітвязняў з ліку чальцоў Еўрапарламента. "Хросная" Бяляцкага — Мары-Агнес Штрак-Цымерман.
— У Бундэстагу прайшла выстава пра Алеся і яго лёс. Дзякуючы ў тым ліку гэтай выставе яго імя добра вядомае нямецкім еўрадэпутатам.
Але так, ёсць частка грамадства, якая ніколі не чула імені Бяляцкага, нават нягледзячы на Нобелеўскую прэмію міру. І гэта наша задача — прыцягнуць да яго імені больш увагі не толькі ў асяроддзі палітыкаў, але і ў медыяасяроддзі. І мы можам выкарыстоўваць сімвалічных хросных, каб дасягнуць гэтай мэты.
Адзін з самых эмацыйных зум-званкоў
У прадстаўніка Libereco Кена Макбейна з Беларуссю вельмі асабістыя сувязі — ягоная жонка родам адсюль. У жніўні 2020 года ён выходзіў на вуліцы ў падтрымку беларусаў, бо сябры сям'і былі на вуліцах. А ў канцы 2020 года працягваў выходзіць на вуліцы, бо сябры сям'і больш не маглі гэта рабіць.
Цяпер ён працягвае рабіць тое, чаго не могуць рабіць многія беларусы: піша лісты палітыкам і ўсімі спосабамі трымае на парадку дня беларускія праблемы. Ён разумее, што, у адрозненне ад беларусаў (нават тых, хто пакінуў краіну), ён можа дзейнічаць свабодна, бо ў яго няма сваякоў у Беларусі, якім можа пагражаць небяспека праз ягоную актыўнасць.
І яму падабаецца ідэя, што шатландскія парламентарыі могуць прадстаўляць інтарэсы беларусаў, у той час як уласна беларускія парламентарыі гэтага не робяць.
— У Вялікабрытаніі я прывык да таго, што парламент — гэта людзі, якія прадстаўляюць мяне. Якія прадстаўляюць усіх людзей, што жывуць у пэўнай мясцовасці. Што гэта іх праца — лабіяваць мае інтарэсы. І ў рамках кампаніі сімвалічных хросных мы шукаем еўрапейскіх палітыкаў, якія змогуць лабіяваць інтарэсы беларусаў, бо іх уласныя парламентарыі гэтага не робяць, — кажа містар Макбейн.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.