Грузінскі суд не паверыў, што Саакашвілі цяжка хворы
Міхаіл Саакашвілі / Reuters
Грузінскі суд не паверыў, што экс-прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі цяжка хворы. Хадайніцтва адвакатаў аб вызваленні ці адтэрміноўцы крымінальнага пакарання не было задаволена. Такім чынам Саакашвілі застаецца ў зняволенні ў клініцы ў Тбілісі, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Адвакаты спасылаліся на цяжкія хваробы Міхаіла Саакашвілі. Пра пагаршэнне стану яго здароўя кажуць і сваякі, якія бачаць адзінае выйсце для выратавання жыцця ў пераводзе на лячэнне за мяжу. Аднак улады Грузіі абвінавачваюць прыхільнікаў экс-прэзідэнта ў спекуляцыях наконт стану яго здароўя. Яны сцвярджаюць, што ён атрымлівае неабходную і своечасовую медыцынскую дапамогу, і абвінавачваюць яго самога ў нанясенні шкоды свайму здароўю для таго, каб выйсці на свабоду.
Саакашвілі быў арыштаваны ў Тбілісі восенню 2021-га пасля нелегальнага вяртання на радзіму. Ён знаходзіцца ў цывільнай клініцы, куды яго перавялі з турмы ў траўні 2022-га. Нядаўна Міхаіл Саакашвілі папрасіў пахаваць яго сэрца ў Кіеве, бо "яно належыць Украіне". Міністэрства замежных спраў Украіны выказала рашучы пратэст у сувязі з негуманным абыходжаннем з украінскім грамадзянінам. Афіцыйны Кіеў заклікае "неадкладна спыніць здзекі з Міхаіла Саакашвілі і перадаць яго Украіне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.