Украіна заклікае Грузію перадаць ёй Міхаіла Саакашвілі
Міхаіл Саакашвілі паказаў, як выглядае ў зняволенні / jam-news.net
Міністэрства замежных спраў Украіны выказала рашучы пратэст у сувязі з негуманным абыходжаннем з украінскім грамадзянінам Міхаілам Саакашвілі, якога трымаюць за кратамі ў Грузіі.
Паводзіны грузінскіх уладаў украінскія дыпламаты параўналі са сталінскімі катаваннямі: "У горшых традыцыях НКВД СССР улады Грузіі ўжываюць псіхалагічны і фізічны гвалт у дачыненні да Міхаіла Саакашвілі, адмаўляюць яму ў тэрміновай медыцынскай дапамозе, наўмысна ствараючы прамую пагрозу яго жыццю".
Афіцыйны Кіеў лічыць, што Грузія груба парушае правы чалавека ў выпадку з Саакашвілі. Гэтыя парушэнні, на думку ўкраінскіх дыпламатаў, супярэчаць абвешчанаму Тбілісі курсу на сяброўства ў Еўрасаюзе, а таксама сведчаць пра згортванне дэмакратыі ў Грузіі.
МЗС Украіны заклікае "неадкладна спыніць здзекі з Міхаіла Саакашвілі і перадаць яго Украіне". Таксама Украіна заклікае замежныя ўрады і міжнародныя арганізацыі публічна выступіць у абарону ўкраінскага грамадзяніна, былога прэзідэнта Грузіі.
Як распавядала Еўрарадыё, 1 лютага стала вядома пра пагаршэнне здароўя Саакашвілі. Падчас суда, у якім ён удзельнічае дыстанцыйна, Саакашвілі па-ўкраінску зачытаў зварот, у якім выказаў упэўненасць ва ўкраінскай перамозе і папрасіў пахаваць сваё сэрца ў Кіеве.
Саакашвілі затрымалі ў Тбілісі ўвосень 2021 года, калі ён таемна вярнуўся на радзіму. Да таго часу яго ўжо завочна асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб перавышэнні паўнамоцтваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.