Грузінская апазіцыя анансуе штодзённыя вулічныя акцыі
Удзельнікі акцыі ў Тбілісі
Грузінская апазіцыя анансуе штодзённыя вулічныя акцыі. Яна пратэстуе супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў і патрабуе правесці паўторныя выбары, піша kavkaz-uzel.eu.
4 лістапада ў Тбілісі прайшла шматтысячная вулічная акцыя (на яе прыехала экаактывістка Грэта Тунберг). Ніка Мелія з "Кааліцыі за перамены" аб'явіў пра намер сфармаваць "адзін магутны пратэсны рух, які зрыне рэжым".
У аўторак акцыю запланавалі каля Палаца спорту ў сталіцы Грузіі.
Парламенцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. ЦВК аб'явіў, што перамагла праўладная "Грузінская мара" — 54,2% галасоў. Апазіцыя адмовілася прызнаваць іх вынікі, заявіла пра байкот працы парламента. Не прызнала афіцыйных вынікаў выбараў і прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі і заклікала да пратэстаў.
28 кастрычніка апазіцыя зладзіла ў Тбілісі шматтысячную акцыю пратэсту, у якой удзельнічала каля 15 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.