Хваляванні ў непрызнанай Абхазіі — жыхары патрабуюць адстаўкі прэзідэнта

Шыльда, знятая з дзвярэй працоўнага кабінета прэзідэнта Абхазіі і выкінутая ў смецце

Шыльда, знятая з дзвярэй працоўнага кабінета прэзідэнта Абхазіі і выкінутая ў смецце / JAMnews

Прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія адмовіўся сыходзіць у адстаўку і заявіў, што і ён, і ўрад, будуць працаваць далей.

Раніцай 15 лістапада ў Сухуме ўспыхнулі шматлікія пратэсты. У гэты час парламент павінен быў разглядаць пытанне ратыфікацыі расійска-абхазскага пагаднення аб інвестыцыях. Згодна з дакументам, расійскія кампаніі могуць рэалізоўваць свае інвестыцыйныя праекты на тэрыторыі непрызнанай рэспублікі. Масква і Сухуме падпісалі яго напрыканцы кастрычніка 2024 года. Але апазіцыя і большая частка грамадства выступаюць катэгарычна супраць яго з моманту ўзнікнення самой ідэі. Яго лічаць кабальным для Абхазіі.

Вынікам акцыі пратэсту стаў штурм урадавых будынкаў. Як паведамляе JAMnews, яны знаходзяцца пад кантролем апазіцыі. Гучаць заявы, што народ не разыдзецца, пакуль Бжанія не падасць у адстаўку. Вядома, што ўначы ён пакінуў Сухуме і наведаў сваю родную вёску Тамыш. Апазіцыя не выключае, што палітык можа хавацца на расійскай вайсковай базе.

"Калі прэзідэнт не выйдзе на сувязь з раніцы, то парламент павінен сваім кворумам вырашыць пытанне адрачэння", — заявіў лідар апазіцыі Лявон Міка.

Пры гэтым абхазская апазіцыя падкрэслівае, што выступае выключна супраць палітыкі Бжаніі, а не супраць Расіі, якую называе "стратэгічным партнёрам" і "адзіным гарантам бяспекі". Пад расійскімі сцягамі пратэстоўцы скандавалі "Расія!", адказваючы на ​​абвінавачванні ўладаў у антырасійскіх настроях.

На фоне пратэстаў разгляд інвістыцыйнай дамовы быў прыпынены.

Пра сваю незалежнасць Абхазія заявіла напачатку 1990-х гадоў. Пасля вайны 2008 года з Грузіяй незалежнасць Абхазіі прызнавала Расія, размясціўшы на яе тэрыторыі свае вайсковыя базы.

Пазней незалежнасць Абхазіі прызналі Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. У дакументах ААН тэрыторыя названа рэгіёнамі Грузіі. Тбілісі афіцыйна лічыць Абхазію акупаваным расійскім войскам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі