На наступным тыдні ў школах Ваўкавыска могуць правяраць тэлефоны дзяцей
Ваўкавыск
На наступным тыдні ў школах Ваўкавыска могуць правяраць тэлефоны навучэнцаў. Такая інфармацыя паступіла рэсурсу @Grodno_grab.
Праваабаронцы рэкамендуюць бацькам пазнаёміцца са зместам тэлефонаў дзяцей і падрыхтаваць іх да непрыемнага мерапрыемства.
Раней сілавікі прыйшлі ў школы Рагачова. У тэлефонах школьнікаў і настаўнікаў яны шукалі падпіскі на "экстрэмісцкія" медыя і глядзелі перапіскі ў чатах.
У апошні час Беларусь ахапіла новая хваля затрыманняў. Прыходзяць да палітвязняў, якія вызваліліся, і сваякоў асуджаных па палітычных артыкулах.
Па словах кіраўніка праекту BYSOl Андрэя Стрыжака, гаворка ідзе пра сотні затрыманняў. Таму каманда BYSOl мабілізавала службу эвакуацыі, каб вывезці людзей з-пад удару.
Па інфармацыі @dissidentBY, сілавікі шукаюць тых, хто атрымліваў дапамогу з-за мяжы. Рэкамендуецца выдаліць перапіскі і файлы, якія могуць быць цікавыя сілавым структурам, не сведчыць супраць сябе, папярэдзіць родных і пакінуць інструкцыі на выпадак затрымання.
Праваабаронцы звязваюць такую актыўнасць сілавых органаў з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.