На святочныя падарункі дзецям беларускіх палітвязняў сабралі 25 тысяч еўра
Дзеці атрымаюць падарункі на святы
На святочныя падарункі дзецям беларускіх палітвязняў сабралі больш за 25 тысяч еўра. "Цуд на Каляды адбыўся! — піша кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. — Збор на дзяцей палітвязняў цалкам сабраны! Дзякуй усім, хто данаціў, рэпосціў і падтрымліваў!"
Традыцыйная дзіцячая акцыя сёлета была арганізавана службай "Хуткай гуманітарнай дапамогі", у якую ўваходзяць фонды BYSOL і "Краіна для Жыцця", грамадская кампанія BY_Help і Ініцыятыва Dissidentby, а таксама партнёры — Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой і Асацыяцыя беларусаў Амерыкі. "Для многіх беларускіх дзяцей зараз не хапае найважнейшага: мамы ці таты побач, бо яны знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычных матываў, — пісалі яны. — Замест звыклых радасцяў дзяцінства яны вымушаныя жыць у расстанні, з шматлікімі цяжкасцямі, але мы можам зрабіць так, каб святло ўлюбёных святаў дасягнула і да іх".
На падарунак кожнаму дзіцяці будзе выплачана 100 еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.